18 кастрычніка ў Магілёве прайшоў унікальны фестываль “Дранiк-fest”, прысвечаны, як няцяжка здагадацца, традыцыйнай беларускай страве. Такое свята ў Беларусі праходзіць упершыню, таму прыцягнула да сябе нямала ўвагі — арганізатары былі вельмі здзіўленыя колькасцю тых, хто прыйшоў пакаштаваць дранікаў. Паводле прыблізных падлікаў, фестываль наведала каля 5 тысяч чалавек. Фэст праводзіўся пры падтрымцы кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
Магчыма, сваю ролю адыграў і той факт, што ўваход быў вольным, ды і дранікамі частавалі таксама цалкам бясплатна. Праўда, скончыліся яны даволі хутка — літаральна за адну-дзве гадзіны магілёўцы з’елі амаль усе запасы дранікаў на свяце. Зрэшты, арганізатары не засмучаныя — яны не чакалі такога наплыву людзей, а фестываль ніхто не спансаваў. Нават бульбу збіралі разам — хто мяшок змог прывезці, хто некалькі. Улічваючы поспех свята, наступным разам да яго будуць рыхтавацца нашмат сур’ёзней і абавязкова прыцягнуць спонсараў. Зрэшты, тады і ўваход можа стаць платным.
Дарэчы, дранікамі частавалі не проста так — сярод кухараў прайшоў конкурс на найлепшы дранік. Кожная з чатырох каманд без стомы зазывала дэгуставаць свае стравы — усе дранікі былі рознымі і на выгляд, і на смак, у кожнай каманды быў свой сакрэт прыгатавання. І выбіраць было сапраўды складана. Дарэчы, шматлікім гасцям вельмі спадабаліся “пазаконкурсныя” дранікі, якія рыхтавалі самі арганізатары — Цэнтр гарадскіх ініцыятываў.
Як і заўсёды на такіх мерапрыемствах, гасцей таксама чакаў канцэрт, а мясцовыя майстры прадавалі мёд, розныя вырабы з дрэва, лямцу, бісеру, і многае іншае.
Марыя Гілёва
фота – Аляксандр Ждановіч