Выступ барда Таццяны Беланогай і паэта Іны Снарскай адбыўся падчас падарожжа “Уздоўж тракту Баторыя” разам з Беларускім добраахвотным таварыствам аховы помнікаў гісторыі і культуры і Антонам Астаповічам 26 чэрвеня 2011 года. Вандроўка ладзілася ў межах агульнанацыянальнай кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
“Форма сумяшчэння вандроўкі і канцэрту мае свае плюсы. Людзі часта не маюць часу, каб схадзіць на канцэрт пасля працы. А тут экскурсанты разам з багатым візуальным шэрагам, узбагачэннем ведаў свайго краю, атрымліваюць і культурны адпачынак”, – кажа Антон Астаповіч.
Вандроўка праходзіла па адметных месцах Глыбоччыны. Можна сказаць, па роднай зямлі паэткі, бо Іна Снарская родам з Полацка. Родная зямля і зацікаўленыя слухачы – што можа быць даражэйшае для артыста?
Падчас вандроўкі больш за ўсё ўдзельнікі былі ўражаныя абразамі святога Міколы ў вёсцы Кавалі. Святар гэтай царквы расказваў, што храм прыязджалі некалькі разоў зносіць у 1960-х гадах. Але нейкім цудам святару храма ўдавалася зберагчы святую пабудову. Таксама дапамагалі агульныя малітвы. Гэтая салідарнасць можа быць прыкладам для нашых сучаснікаў і нашчадкаў.