Урачыстае ўзнагароджванне лаўрэатаў штогадовай літаратурнай прэміі “Залаты апостраф” часопіса “Дзеяслоў” адбылося ўчора ў Палацы мастацтваў. Імі сталі маладая паэтка Ірына Бельская, заслужаныя паэт Андрэй Хадановіч і празаік Кастусь Тарасаў. Імпрэза адбывалася ў межах кампаніі “Будзьма!”.
Алесь Пашкевіч уручае прэмію Андрэю Хадановічу
“У наступным нумары вы зноў убачыце тэксты падазронага літаратара Андрэя Хадановіча, які стараецца прапанаваць штосьці сімпатычнае Барысу Пятровічу. А раптам гэта спадабаецца яшчэ камусьці?”, – з усмешкай заўважыў Андрэй Хадановіч.
Эдуард Акулін уручае прэмію Ірыне Бельскай
У якасці вядучага выступіў паэт і бард, сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў Эдуард Акулін, які суправаджаў выхад пераможцаў конкурсу на сцэну кампазіцыяй італьянскага скрыпача Антоніа Вівальдзі.
Барыс Пятровіч
Уступнае слова на імпрэзе ўзялі галоўны рэдактар “Дзеяслова” Барыс Пятровіч і старшыня Саюзу беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч. Алесь Пашкевіч адзначыў, што на прэмію “Залатога апострафа” намініруюцца толькі паэты і пісьменнікі, не ўзнагароджаныя Дзяржаўнай прэміяй Беларусі, што спрыяе з’яўленню у сучаснай літаратурнай прасторы новых талентаў.
Алесь Пашкевіч
Павіншаваць пераможцаў і выказаць слова ўдзячнасці рэдакцыі часопіса “Дзеяслоў” выступілі заслужаныя літаратары Беларусі, сярод якіх Анатоль Вярцінскі, Генадзь Бураўкін, Уладзімер Някляеў, Леанід Дранько-Майсюк. Музычную частку вечару выканалі бард Алесь Камоцкій, маладая спявачка Тацяна Беланогая і Зміцер Вайцюшкевіч.
Таццяна Беланогая
Прысутны на імпрэзе старшыня Беларускага Саюзу ў Польшчы і галоўны рэдактар штотыднёвіка “Ніва” Яўген Вапа адзначыў: “Беларуская дзяржава павінна быць удзячнаю вам за вашу працу, і я спадзяюся, што наступным разам прэзентацыя “Дзеяслова” адбудзецца ў самай вялікай залі краіны”.
У глядацкай залі