Другая імпрэза з цыклу “планетарных вечарынаў” адбылася ўчора ў сталічным планетарыі. Пад хаця і несапраўдным, але ўсё ж зорным небам сабраліся маладыя і таленавітыя паэты і спевакі, каб вершамі і музыкай адсвяткаваць Каляды і надыходзячы Новы Год. Імпрэза адбылася пры падтрымцы кампаніі “Будзьма!”.
Вечарына складалася з двух аддзяленняў. У першым чыталі свае творы Алесь Спіцын, Таццяна Будовіч, Віка Трэнас, Іна Каляда. Другую частку імпрэзы арганізатары прысвяцілі аўтарскай песні: гучалі песні маладой бардаўскай спявачкі Таццяны Беланогай і барда Андрэя Мельнікава. На жаль, галоўны альтэрнатыўны Зюзя краіны не змог прысутнічаць на сустрэчы, як тое абяцалі яе арганізатары, бо чалавечыя слабасці ўласцівыя і міфічным беларускім багам: Зюзю зламала хвароба.
Па словах арганізатараў, вечарына прайшла з поспехам. Калядная рамантычная сустрэча пры свечках ужо мала нагадвала савецкія традыцыйныя “капуснікі”. “Планетарныя вечарыны” будуць і надалей ладзіцца на сталай аснове ў мінскім “зорным доме”.
Фота Радыё Рацыя.