22 студзеня 2015 года паэтка, пісьменніца Вера Аляксандраўна Буланда правяла ўрокі паэзіі ў 1”А” і 1”В” класах беларускамоўнай гімназіі №14 горада Мінска.
Гімназія № 14 прымае да сябе ў госці паэтаў, пісьменнікаў, артыстаў шчыра і сардэчна. Тут лёгка і нязмушана размаўляць на роднай мове нават з вучнямі 1-га класа. Што вельмі ўзрадавала і паэтэсу Веру Буланда. Бывае, што выхаванцы старэйшых класаў другіх школ з цяжкасцю ўспамінаюць назвы месяцаў па-беларуску. А ў памянёнай вышэй гімназіі вучні 1-х класаў ведаюць не толькі назвы месяцаў, але і чытаюць вершы, загадваюць загадкі толькі па-беларуску.
На працягу сустрэчы дзеці вучыліся адрозніваць паэтычныя творы ад празаічных, радкі сапраўднай паэзіі ад жартоўнага графаманства, якое яны стваралі ўслед за Нязнайкам, прыгадаўшы яго практыкаванні ў вершаскладанні: “Вінцік быў такі галодны, што праглынуў ён прас халодны”. У вершы М. Багдановіча “Зімой” яны знайшлі вобразы, параўнанні, дзякуючы якім зразумелі, чаму гэты верш іх усхваляваў: таму што зоркі, бярозы, гоні паўсталі як жывыя: “у небе зоркі ад марозу пахаладзеўшыя дрыжаць”, Як мары, белыя бярозы…”, “вакол лятуць бары і гоні…”
А яшчэ спадарыня Вера дапамагла вучням зразумець, што народныя казкі, загадкі і песні складваліся не так, як яны ўяўляюць іншы раз, што сабраліся людзі разам і слова да слова – і тэкст гатовы. А наадварот: нехта прыдумаў казку, перадаў яго другому, або песню, загадку. І так з вуснаў у вусны перадаецца тэкст з новымі выдумкамі, фантазіямі, пакуль не ўдасканаліцца, а мы гэта чытаем, спяваем, адгадваем і атрымліваем задавальненне ад мастацкага слова.
Вучні спрабавалі падабраць рыфму да прапанаваных слоў, а потым адгадваць яе ў прапанаваных загадках аўтара – В. Буланда:
Незвычайна добры, мілы,
Вы не злуйце – будзе люб,
Запаведнікаў асілак –
Гэта слаўны, мудры….
(Зубр).
Разбяжыцца – не дагоніш,
Часта тупае ледзь-ледзь,
Як стары, над мёдам стогне,
А хто любіць мёд? –
(Мядзведзь).
Любімы ўсімі радасны звярок,
На вушках кутасы – як тыя пёркі,
З яліны на яліну скок ды скок,
Ці здагадаліся, што гэта ж ёсць –
(Вавёрка).
Яму зайздросціць не адзін спартсмен,
Гатовы падарыць любую майку,
Каб толькі-толькі і ўсяму ўзамен
Іх бегаць навучыў так хутка
(Зайка).
Жыве варажбітка ў лясах,
Яе вы не бачылі – чулі,
Налічыць гадоў па складах
Нястомная птушка…
(Зязюля).
Мы днём зайздросцім часта ёй,
Да сну як хіліць галаву,
Пулятай птушачцы начной,
Хто з нас не ведае…
(Саву)?
Прыносіць дзяцей ён у кожную хату,
Кружляе ў асноўным над Беларуссю,
Калі ж ён паселіцца блізка ля хаты,
То шчасце таксама прыносіць нам
(Бусел).
Ад культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі” актыўныя вучні атрымалі падарункі: паштоўкі “Не маўчым па-беларуску”, закладкі для кніг, торбачкі з надпісам “Кніга паляпшае жыццё”, майкі.