Творчая сустрэча з паэтамі Леанідам Дранько-Майсюком і Эдуардам Акуліным адбылася ў межах кампаніі “Будзьма” 11 лістапада ў мінскай СШ №132.
Вучні 9,11 класаў з цікавасцю слухалі паэзію кахання ў выкананні самага “гламурнага” беларускага паэта, як назвала Леаніда Дранько-Майсюка адна з прыхільніц ягонай творчасці. Акрамя інтымнай лірыкі паэт прачытаў некалькі гумарыстычных вершаў са сваёй новай кнігі вершаў “Цацачная крама”.
Эдуард Акулін пазнаёміў слухачоў са зместам 36 нумара часопіса “Дзеяслоў”, прачытаў некалькі вершаў і выканаў свае вядомыя песенныя хіты: “Мая Крывія”, “Пагоня”, “Позна” і “Янка Купала”. Напрыканцы сустрэчы госці прэзентавалі прадукцыю з лагатыпам кампаніі “Будзьма”, раздарылі свае аўтографы і пацалункі.
Вечарам гэтага ж дня на сядзібе ТБМ Эдуард Акулін прэзентаваў аматарам бардаўскай песні свой новы кампакт-дыск “Песні залатой Крывіі”.
На здымках:
1. Леанід Дранько-Майсюк “У вашым голасе квітнеюць астры…”
2. Эдуард Акулін “Янка Купала!”