Першая мастачка — жывапісец, другая — графік. Выстава адкрылася ў сядзібе Таварыства Беларускай Мовы 15 студзеня.
Наталля Белавокая першапачатковую прафесійную адукацыю атрымала ў Рэспубліканскай школе-інтэрнаце імя І. Ахрэмчыка, а Ганна Раманоўская скончыла аддзяленне жывапісу Мінскага мастацкага вучылішча. Наступнай прыступкам ў іхнім поступе у свет мастацтва была Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў. Сярод настаўнікаў — вядомыя майстры пэндзля Май Данцыг, Мікола Купава, Аляксей Марачкін, Уладзімір Савіч, Юрась Хілько. Мастачкі прымаюць актыўны ўдзел у рэспубліканскіх і міжнародных выставах. Напрыканцы мінулага году яны сталі сябрамі самага вялікага на Беларусі творчага саюзу, Беларускага саюзу мастакоў, і гэтая іх выстава — першая ластаўка як сяброў БСМ. На выставе экспануецца 6 твораў графікі, выкананыя ў тэхніцы літаграфіі, афорта, алоўка і 20 прац у даволі рэдкай у сучасным мастацтве старажытнай тэхніцы жывапісу па ляўкасе.
Абедзве мастачкі — гараджанкі, народжаныя ў Мінску. Але гарадскія сюжэты далёка не галоўнае ў іхняй творчасці. Шырокі далягляд маладых творцаў, а перадусім, глыбокае веданне Беларусі, яе гісторыі і культуры ў творах: “Сынкавічы”, “Касцёл у Заслаўі”, “На Іслачы”, “Сведкі мінуўшчыны”, “Спрадвечнае”, “Вёска “Белыя ваўкі”, “Калодзежы”, з серыі “Прывіды Наваградка”, “Шлях у Іерусалім” і іншыя.
Наталлю і Ганну яднае і тое, што ў іхніх творах, гарманічных і сучасных па форме, прысутнічае шчымлівая нота замілавання помнікамі гісторыі, веліччу прыроды.
У адкрыцці выставы бралі ўдзел намеснік старшыні ТБМ Алена Анісім, старшыня творчай суполкі “Пагоня” Аляксей Марачкін, мастакі Алесь Цыркуноў, Тодар Ладуцька, маці Ганны мастачка Вольга Раманоўская, Таццяна Сухоцкая.
Выстава ладзіцца у межах культурніцкай кампаніі “Будзьма!”, працуе цягам месяцу.