9 студзеня кампанія “Будзьма!” запрашае на адкрыццё выставы, прысвечанай народнаму пісьменніку Беларусі Васілю Быкаву, якая адбудзецца ў Віцебскай гарадской карціннай галерэі Беларускага саюза мастакоў. Выстава арганізаваная сябрамі суполкі “Пагоня” разам з культурна-асветніцкім цэнтрам імя Язэпа Драздовіча.
У экспазіцыі будуць прадстаўленыя творы Міколы Купавы, Аляксея Марачкіна, Ігара Марачкіна, Яўгена Шатохіна, Віктара Крука, Міколы Таранды, Захара Кудзіна, а таксама маладых мастакоў-удзельнікаў мастацкага пленэру, што адбыўся летам 2008 года ў Бычках, на радзіме Васіля Быкава. Сярод іх навучэнцы Рэспубліканскага каледжа мастацтваў імя І.Ахрэмчыка Хрысціна Аушава, Зміцер Буглак, Злат Марачкін.