6 траўня ў школе № 202 г. Мінска ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” адбылася сустрэча з Ярашам Малішэўскім і Аксанай Спрынчан. Творчая сям’я прэзентавала сямейныя кнігі “Таташ Яраш, мамана Аксана і дачэта Альжбэта. Поўны эксклюзіў” і “Незвычайная энцыклапедыя беларускіх народных інструментаў”.
Зацікаўленыя слухачы пачулі аповеды пра паходжанне і адметнасць музычных інструментаў, пра тое, якую ролю яны гралі ў жыцці беларусаў. Вучні змаглі атрымаць асалоду ад гучання дуды, жалейкі, акарыны, варгана, пішчыка і г.д. На сустрэчы Аксана і Яраш зладзілі і адмысловую віктарыну, дзе прагучалі пытанні на тэму гісторыі і культуры Беларусі. Пераможцы – а іх выявілася надта шмат, атрымалі падарункі ад кампаніі “Будзьма!”.