Па колькасці першых месцаў на чэмпіянаце Еўропы нашы дагналі пераможцаў, якія прыехалі ў поўным складзе. Майкі ад “Будзьмы”, у якіх прыехала зборная, выклікалі розгалас і ў Беларусі, і за мяжой.
Нацыянальная зборная па муай-тай вярталася з Лісабона ў пачатку тыдня. Большасць прыляцела ў Мінск самалётам, задаволеная і ўзбуджаная. У Нацыянальным аэрапорце каманду байцоў сустрэў фатограф “Будзьмы”.
На чэмпіянат Еўропы, так ужо атрымалася, даехалі толькі 75% ад мужчынскай зборнай — трое моцных байцоў мелі праблемы з дакументамі. Аднак мужчынская зборная нават у няпоўным складзе заняла другое агульнакаманднае месца, дагнаўшы па колькасці залатых медалёў Украіну.
Віталь Гуркоў, Дзмітрый Валент, Сяргей Скіба, Дзмітрый Варац і Дзяніс Ганчаронак узялі першыя месцы.
Зорку сусветнага муай-тай Андрэя Кулебіна, на думку трэнераў зборнай, засудзілі. Пасля гэтага ў фінальным двубаі пакрыўдзілі і Дзмітрыя Варца. Тады каманда выйшла ў рынг і страйкавала чэмпіянат, пакуль вынік двубою не перагледзелі на карысць беларуса.
Добра выступілі і нашы дзяўчаты-прыгажуні. Пасля шматгадовай паўзы ў рынг вярнулася Марыя Пімахова (60 кг) і ў бліскучым стылі здабыла золата. Алена Ляшкевіч (45 кг) і Вікторыя Палянская (54 кг) атрымалі бронзавыя медалі.
Новыя майкі, зробленыя адмыслова для нашых байцоў кампаніяй “Будзьма беларусамі!”, выклікалі рэзананс. У сацыяльных сетках пасля адлёту зборнай было безліч пазітыўных каментароў. Інфармацыю пра цішоткі зборнай змясцілі на сваіх сайтах такія папулярныя СМІ, як “Прессбол”, goals.by, “Еўрарадыё”, “Наша Ніва”, gazetaby.com,belapan.com і іншыя. За гэта шчыра дзякуем.
“Цяпер вельмі шмат людзей пішуць і цікавяцца, дзе можна набыць такую ж цішотку, — адзначае залаты медаліст чэмпіянату Еўропы Віталь Гуркоў. — Нашым дызайнерам удалося зрабіць па-сапраўднаму класны прадукт, які можа канкураваць з вядомымі брэндамі. У наступным годзе чэмпіянат Еўропы можа прыняць Мінск. І досвед з такой арыгінальнай і якаснай прадукцыяй, напэўна, было б цікава працягнуць”.
Адзначалася, што ідэя экіпіраваць каманду ў патрыятычныя цішоткі — гэта спосаб натхніць беларускіх байцоў і папулярызаваць гісторыю Беларусі і родную мову сярод заўзятараў.
На пярэднім плане нашых цішотак — крылаты вершнік ВКЛ. Выбар такой эмблемы выклікаў дыскусію ў інтэрнэце. Гучалі меркаванні, што гэта польскі вершнік (Польшча і сапраўды папулярызавала гэты род войск як свой). Хочам звярнуць увагу, што на эмблеме ўсё ж крылаты вершнік ВКЛ. У часы Рэчы Паспалітай існавала дзве дывізіі гусараў — каронная (польская) і княжацкая (беларуская). Гусарская харугва ўваходзіла ў войска кожнага магната, які сябе паважаў. Пра гэта апавядаецца ў школьным курсе гісторыі Беларусі. Чамусьці сёння гэты слаўны род войск ВКЛ аказаўся незаслужана забытым.
Ідэя была пазітыўна ацэненая спецыялістам з Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук. Прозвішчы нашых байцоў надрукаваныя ззаду цішотак пісьменнай беларускай лацінкай, каб іх маглі прачытаць замежныя журналісты.
Спадзяемся, што задума “Будзьмы” стане ўнёскам у развіццё беларускага спорту, свежай ідэяй, якую варта развіваць, стымулам для развіцця нашай культуры і патрыятычнага выхавання беларускай моладзі.
Прэс-служба грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”