Калі горад расквечаны колерамі “Славянскага базара”, і ў звычайныя гарачыя летнія дзянькі ў арт-пабе “Torvald” на вуліцы Талстога, 1 шмат наведвальнікаў. Папулярная кавярня прапануе гасцям смачную ежу і беларускамоўнае абслугоўванне. Тут праходзяць канцэрты музыкаў, літаратурныя вечарыны і і іншыя імпрэзы, якія прывабліваюць моладзь.
Мы пагутарылі з кіраўніком установы грамадскага харчавання, паспяховым менэджарам Віталём Броўкам:
-Мы імкнемся аб’яднасць традыцыйныя беларускія смакі і стравы, і сучасны падыход, ўлічваем чаканні гарадскога жыхара ад ежы ў кавярни. Наш арт-паб – месца дэмакратычнае і адначасова простае. Тут ёсць звычайныя сялянскія патэльні і моладзевы стрыт-фуд. Мы ўлічваем густы вегетарыянцаў, у нас ёсць стравы з грыбоў. Патэльня са смажанымі баравікамі называецца “ Сняданак лясных братоў”. Традыцыйныя стравы мы гатуем у сучасным пераасэнсаванні. Мы імкнемся да здаровай ежы, таму некаторыя стравы гатуюцца без смажання на тлушчы. Мы спрабуем аднавіць старадаўнія рэцэпты, напрыклад, прапануем сваім наведвальнікам “ Шыю па- шляхецку”. Шукаем магчымасць аднавіць рэцэпт супа з рэбраў ляшча – улюбёную страву Уладзіміра Арлова, якую гатавала яго маці ў дзяцінстве. Паводле Арлова, ляшчы мусяць быць дзвінскія – да Дзвіны ў нас некалькі соцен метраў!
– Вы зацікаўліваеце моладзь яркімі культурнымі падзеямі?
-У арт-пабе “Torvald” праходзіць багата якіх падзей. У нас ёсць асобная заля са сцэнай, дзе змяшчаецца да 80 чалавек. Хаця, на сустрэчу з Уладзімірам Арловым прышло пад 120 чалавек! Усе ўладкаваліся, змаглі набыць кніжкі і атрымаць аўтографы. Штотыдня ў нас праходзяць курсы “ Мова Нанова”, у межах гэтых курсаў ідуць сустрэчы з цікавымі асобамі: літаратарамі і музыкамі. Прыязджаў Іван Кірчук, Кацярына Ваданосава і шмат іншых. Па нашай харчовай тэматыцы мы рабілі прэзентацыю кніжкі Алеся Белага “Сакатала бочачка”. Бывае наш блізкі сябар краязнавец Мікола Півавар. Пасля Еўрабачання я рабіў у канцэртнай залі “ Віцебск” сольны канцэрт гурта “ Navi”, а ў “Torvald’е” напярэдадні была аўтограф-сесія, дзе Ксюша з Арцёмам праспявалі некалькі песень у акустычным варыянце, фатаграфаваліся, адказвалі на пытанні слухачоў, была мілая атмасфера ўзаемінаў. Прыходзілі юнакі з кветкамі, зусім новыя маладыя людзі.
Ёсць падзеі, якія не змяшчаюцца ў “Torvald” . Летась 3 верасня, мы рабілі ў летнім амфітэатры канцэрт “Ляпіс-98”. Там было разам з запрошанымі каля 4 тысяч чалавек – атрымалася грандыёзнае свята са сцягамі і з пагонямі. Слухачоў вельмі ўразіла, што песні пераасэнсаваныя па-сучаснаму, паміж песнямі гучалі прамовы, якія натхнялі слухачоў. Сапраўды , было шыкоўнае шоў! Сёлета мы паспрабуем яго паўтарыць 1 верасня ў канцэртнай залі “ Віцебск”. Зараз, улетку, пастаянна граюць вулічныя музыкі перад “Торвальдам”. Музыкі збіраюцца ва фрыстайл-бэнды і ладзяць перкусііі, інструментальныя рэчы ці з вакалам. Гэта прыўносіць вулічную гарадскую атмасферу ў наша жыццё.Творы падабаюцца нашай публіцы, робяць Віцебск сапраўдным фестывальным горадам!
-Як Вы аб’ядналі любоў да музыкі з добрым пачастункам для гасцей?
– Канцэртамі я займаюся вельмі даўно.З вясны 1999 года, калі ў Наваполацку разам з маім сябрам і паплечнікам Андрусём Храпавіцкім, і з Сяргеям Іванавічам Анішчанкам я рабіў першыя свае канцэрты. Потым, калі я пераехаў у Віцебск ў 1994 годзе, гэта стала асноўнай дзейнасцю. Увесь час бракавала месца, куды пайсці пасля канцэрта, дзе сустрэцца з сябрамі ў нефармальнай атмасферы. Паколькі падыходзячага месца не было, мы стварылі “Torvald”. Ён аформіўся і запрацаваў як канцэртная пляцоўка ў 2015 годзе , а 25 сакавіка 2016 года мы атрымалі ліцэнзію як установа грамадскага храчавання, арт-паб пачаў развівацца і расці, мы пераехалі ў большае памяшканне на вуліцу Талстога,1.
Гутарыла Эла Дзвінская