Дабрачынны канцэрт на карысць дачкі фронтмэна магілёўскага рок-гурта «Авангардшкола», 7-гадовай Алісы Смышляевай, прайшоў у Магілёве 17 ліпеня. Ужо не першы раз прымае такія дабрачынныя мерапрыемствы антыкавярня «Чердак». Гэтым разам там сабралася неверагодна шмат неабыякавых людзей, так што перасоўвацца па антыкавярнi было цяжка.
У гэты вечар было каго паслухаць — дапамагчы Алісе сабраліся вядомыя ў Магілёве і за яго межамі музыкі: Цімафей Яравікоў, Алёна Каўкова, гурт Akute і многія іншыя. Аліса Смышляева ўжо доўгі час спрабуе вылечыцца ад малавывучанай паталогіі, якая моцна ўплывае на зрок. Ужо цяпер дзяўчынка не бачыць адным вокам, і дактары кажуць аб тым, што на другім воку таксама назіраецца рэзкае пагаршэнне. Калі не правесці аперацыю ў найбліжэйшы час, Алісе пагражае поўная слепата. На дадзены момант кошт лячэння складае каля 5 000 даляраў, аднак гэта не дазволіць дзяўчынцы цалкам перамагчы хваробу — толькі прыпыніць яе рэзкае развіццё. Так што ў будучыні Алісе яшчэ не раз будзе патрэбная дапамога.
У рамках дабрачыннага канцэрта выступілі Алёна Каўкова («Обаяние Невовлеченности»), Аляксандр Мельнікаў (праект Melyazm), Данііл «Змей» Карпенка, Юрый Несцярэнка (Nestar Band), Аляксандр Гур (GURReactive), Цімафей Яравікоў («Сердце дурака») і гурт Akute. У зале было вельмі душна, але і вельмі душэўна, бо кожнага музыку ў гэты вечар сустракалі радасна і цёпла.
Ужо многія знаёмыя і незнаёмыя людзі дапамаглі Алісе, а на дабрачынным вечары удалося сабраць больш за 17 млн рублёў, чаго арганізатары зусім не чакалі. Аднак наперадзе яшчэ доўгае і дарагое лячэнне. Але, як сказаў практычна кожны музыка ў гэты вечар, галоўнае, што пачатак пакладзены і што ў бядзе Алісу не кінуць.
Марыя Гілёва