У Горадні карэспандэнту “Будзьма” ўдалося трапіць у адзіны ў горадзе прыватны музей пад назвай “Гарадзенская даўніна”. У самым звычайным цагляным доме на гарадзенскай вуліцы Лермантава хаваюцца багацці мінулых стагоддзяў.
Экскурсію па ім правёў яго ўладальнік — гарадзенскі краязнаўца Януш Паруліс. Спецыяльна для нас ён адкрыў свой музей-выставу, каб расказаць пра свае багацці. Мы ўваходзім у дом і заўважаем, што частку гэтых экспанатаў мы ўжо недзе бачылі.
— У першай зале ў мяне выстава “Дух горада”. Гэта гісторыя дзесяці гарадзенскіх сем’яў. Яе ў мінулым годзе можна было ўбачыць у гарадзенскай галерэі “Крыга”. Аднак я выставіў яе не цалкам і працягваю над ёй працаваць. Вось тут прылавак, каса, варта, тут ляжыць куча ўсякай драбязы. Кірунак майго музея — гэта побыт горада. Выставу “Дух горада” збіраюся дапоўніць партрэтамі жыхароў горада.
З якімі цяжкасцямі вы сутыкнуліся, каб адкрыць выставу-музей?
— У нашым горадзе толькі кажуць, што турызм развіваецца. Мой дом стаіць па дарозе да Каложы (адной з самых старажытных праваслаўных цэркваў у Беларусі), інакш да яе ніяк не праехаць, і стаянкі вакол дома хапае на тры аўтобусы. Ёсць праблемы з арэндай — ледзь-ледзь яе выцягваю. Гарадскія ўлады заахвочваюць толькі на словах, а на справе ніякай дапамогі няма. Я хадзіў па многіх інстанцыях, каб дапамаглі, але нічога не атрымаў. Ніякай дапамогі.
У вас музей або выставачная зала?
— Я прасіў ўлады горада, каб яны мне дазволілі называцца “прыватны музей”. Пісьмовага адказу я так і не атрымаў. Вусна дазволілі называцца “выставачная зала”. Я ўжо займаўся міжнароднымі выставамі. Аднымі з першых наведнікаў былі школьнікі, простыя жыхары. Я сам ім усё расказваю і паказваю.
Аснова музея — мая сям’я
— Вось, напрыклад, партрэт майго дзядзькі, вось пажарная каманда майго дзеда. Менавіта дзеда можна лічыць заснавальнікам цяперашняй багатай калекцыі Януша. Ён сабраў і пакінуў нашчадкам калекцыі кніг і часопісаў. Частка партрэтаў маёй сям’і знаходзіцца на выставе ў гарадзенскай бібліятэцы імя Карскага. Нас, Парулісаў, пасля вайны было шмат — прыкладна 80 чалавек. У музеі ёсць шмат прадметаў, якія маюць для нашай сям’і каштоўнасць. Вось старое люстэрка, стары варшаўскі самавар майго дзеда. А гэтая труба ад грамафона — вялікі рарытэт. Ёсць, вядома, і ўвесь механізм, але яго трэба аднаўляць. Вось захаваліся старыя нумары дома — як быў 100 гадоў таму 25-й дом, так і застаўся. Сцяну ўпрыгожвае партрэт маёй бабулі і дзеда.
Гонар калекцыі
У мяне велізарная калекцыя старадаўніх гарадзенскіх паштовак — больш за 400 штук. Збіраюся выдаваць іх рэпрынт і прадаваць на ўваходзе. Гэта будуць тэматычныя рэпрынты: гарадзенскія масты, Эліза Ажэшка, Тызенгаўз. Дарэчы, я нядаўна знайшоў сваякоў Антонія Тызенгаўза. Праўда, далёкіх, але ў мяне ёсць старыя дакументы, звязаныя з гарадзенскім старастам і мецэнатам.
Вядомыя суседзі
Проста на падлозе ў пакоі ляжалі рогі, якія забралі нашу ўвагу.
— Гэтыя рогі з калекцыі Станіслава Жыўно, якога гарадзенцы лічаць заснавальнікам музея прыроды ў Гародні. Да другой сусветнай вайны ён жыў непадалёк, сябраваў з жыхарамі гэтага дома. Акрамя рагоў ён падарыў мне галаву мядзведзя, галаву страуса, шчупака, ваўка. Калі я рабіў рамонт, то паклаў іх у хлеў, і шмат прадметаў скралі. Так што засталіся адны рогі. А ў той частцы дома, дзе цяпер жыве мая маці, — расказвае Януш Паруліс, — пасля вайны ў 1949—1950 гадах жыў гарадзенскі пісьменнік, сябар Васіля Быкава Аляксей Карпюк. Яго жонка некалькі гадоў таму сюды прыходзіла і казала: Януш, мы тут жылі.
Калекцыі ва ўсіх музеях Гародні
— Ва ўсіх музеях горада ёсць прадметы з маёй калекцыі, — дзеліцца сваёй радасцю Януш Паруліс. — Пажарная каска майго дзеда ляжала ў гарадзенскім гісторыка-археалагічным музеі 18 з паловай гадоў. У музеі МПЗ у Гародні таксама праходзіла мая выстава. Гарадзенскай міліцыі і ахове я дапамагаў ствараць свой музей. Для музея Ажэшкі я знайшоў крэсла. Для асноўнай экспазіцыі гэтага музея я знайшоў 7 прадметаў.
Усё раблю сам
— Мне ніхто не дапамагае: я раней працаваў рэстаўратарам і мастаком у гарадзенскай сінагозе. Таму пытанні рэстаўрацыі мне знаёмыя.
Януш спадзяецца на вясну і на прыезджых турыстаў.
— Зімой мала хто ездзіць. Усе пачнецца дзесьці ў красавіку. Ужо гатовая і шыльда, засталося толькі яе павесіць.
Прывесці выставачную зала ў належны выгляд Янушу дапаможа час.
Размаўляў Андрэй Мялешка
Фота Аляксандра Саенкі