Штогадовае свята добрай музыкі прайшло ў Горадні 16 кастрычніка. Фантастычная чацвёрка Vinsent, Kaizen, Rolliks і Sciana разам з камандамі Гарадзенскай вобласці выступілі на фестывалі “Тры Шурупы”, статус якога даўно стаў культавым не толькі для рэгіёну, але і для ўсёй краіны.
Удзень рок-угар-караван з Берасця даехаў да Горадні ў пашыраным складзе — дадаўся гурт Plum Bum. Менавіта героі ўчорашняга берасцейскага канцэрту сталі асноўнымі дзейнымі асобамі і фестывалю ў Горадні. Моцны гук, дзве сцэны і вывераная праца персаналу дазвалялі музыкам як след кілбасіць, а гасцям — як след кілбасіцца. Самыя цёплыя словы сказалі літаральна ўсе выступоўцы гарадзенскай публіцы за цёплую і шчырую падтрымку. Тэст-драйв першага беларускага скоку ў натоўп прайшоў паспяхова для вакаліста Rolliks і не толькі для яго.
Сакрэт поспеху і нечуванага для Беларусі даўгалецця фестывалю Сяргей Фінскі, арганізатар, тлумачыць так: “Трэба рабіць. Нават калі цяжка, калі здараюцца праколы, калі лянота. Проста бяром і робім. Нам нават не 15, а прыкладна 15 гадоў, бо дакладна ўжо ніхто і не скажа. Трэба неяк прагледзець архівы ды раскласці ўсё па паліцах для парадку. Проста на гэта заўжды неяк не хапае часу праз справы, самі разумееце. Дарэчы, другая частка фестывалю “Тры Шурупы — 2011” адбудзецца 13 лістапада, усіх запрашаем!”
Пасля выступу сваімі планамі падзяліўся і вакаліст гурта “Сцяна” Павел Прохараў: “У хуткім часе выйдзе наш новы сінгл, песня “Make Yourself”, якая цяпер на стадыі мастарынгу. Звядзенне і майстарынг робіцца на Украіне. Усе ахвотныя могуць паслухаць песні нашых украінскіх сяброў Rolliks і прыкладна ўявіць сабе, якім па якасці будзе новы матэрыял. Гэта будзе добры еўрапейскі саўнд. Яшчэ ў планах — запіс сумеснага трэку, таксама з Rolliks’амі. Мы настолькі добра спеліся падчас сумесных гастроляў па Украіне ды Беларусі, што вырашылі зафіксаваць гэтае шчырае пачуццё еднасці нашых народаў у сумеснай працы”.
Самі госці з Украіны двума выступамі і першым выездам за межы Радзімы цалкам задаволеныя. “Супер (у арыгінале ўжыты больш смачны эпітэт — заўв. аўтара), проста супер! Беларусь і беларусы вельмі шчырыя людзі і ветлівая публіка. Параўноўваючы два дні і двое гарадоў, магу сказаць так: учора мы адпрацавалі лепш, затое сёння кантакту і аддачы залы было нечакана больш. Спадзяемся, што будзем ездзіць у госці рэгулярна”, — кажа басіст Rolliks Аляксандр Мурашоў.
Працяг фестывалю “Тры Шурупы” адбудзецца ў Горадні 13 лістапада.