Работы ў адной з самых вядомых на Ашмяншчыне гістарычных мясцін пачаліся вясной. Карэспандэнты “Рэгіянальнай газеты” выехалі на месца, каб паглядзець, як за гэты час змяніліся руіны замка.
На месцы знаёмімся з рабочымі, якія цяпер працуюць на руінах. Яны ахвотна расказваюць пра сваю працу і праводзяць невялікую экскурсію па тэрыторыя колішняга замка.
– Мы працуем тут ад пачатку красавіка, – кажа студэнт-будаўнік Арцём Кумпіцкі, які ў Гальшанах адпрацоўвае практыку. – Усяго нас сямёра. Пяць чалавек – археолагі, я і яшчэ адзін хлопец – практыканты.
“Усё самае каштоўнае знеслі да нас”
Цяпер праца рабочых заключаецца ў тым, каб раскапаць сцены замка і дабрацца да падземных хадоў, а таксама ачысціць тэрыторыю замка ад цэглы.
Арцём паказвае на лінію на сцяне, уздоўж якой пару тыдняў таму ляжала зямля і расла трава. За два месяцы сцены Гальшанскага замка адкапалі амаль на тры метры.
– Калі капаем, то часта знаходзім кавалкі адбітай пліткі, – кажа студэнт. – Яе збіраем у вялікія скрыні. За час працы ўжо шэсць назбіралі.
Паглядзець на плітку ў нас не атрымліваецца: якраз пару дзён таму яе вывезлі з Гальшанаў. Застаўся толькі адзін невялікі кавалак, які знайшлі зусім нядаўна.
– Мы знаходзілі белую, зялёную і карычневую плітку, – кажа археолаг Марк Мешчановіч. – Яе адвезлі на далейшае вывучэнне ў Мінскі археалагічны музей.
Трапляецца рабочым і плітка, што аздабляла падлогу. Паказаць яе цяпер няма магчымасці, таму Арцём малюе ўзор пліткі на зямлі.
– Плітка невялікая, але вельмі прыгожая, – гаворыць ён. – У цэнтры знаходзіцца шасціканцавая зорка, вельмі падобная да зоркі Давіда.
Акрамя пліткі ў зямлі нічога не трапляецца, запэўніваюць рабочыя. “Усё самае каштоўнае, што магло тут быць, вывезлі да нас”, – жартуюць яны.
– Чалавечыя косткі мы таксама не адкопвалі, – кажа Марк. – Чуў, што неяк знайшлі чэрап. Але чый ён быў, чалавека ці жывёлы, так і не вызначылі: ён быў такі стары, што ледзь дакранешся – у пыл рассыпаецца.
На тэрыторыі замка ёсць апрацаваны камень з паглыбленнем у цэнтры. Даследчыкі мяркуюць, што яго выкарыстоўвалі на млыне.
– А вось тут некалі месцілася стайня, – паказвае на сцены Марк. – Тут знаходзілі вілы і іншыя сельскагаспадарчыя прылады. А недалёка – вінтавая лесвіца.
Па руінах блукае прывід Белай Дамы і Чорнага Манаха
Легенды – абавязковы штрых да любога замка. Не выключэнне тут і Гальшанскі.
– Што ты ведаеш пра замак? – пытаемся ў мясцовай школьніцы, якая называе сябеВарай.
– Тут жывуць Белая і Чорная Дамы, – гаворыць дзяўчынка.
Калі мясцовыя школьнікі выбіраюцца класам пагуляць, то абавязкова ідуць да замка і фатаграфуюцца каля яго. Падыходзячы да адной з вежаў, дзеці ціхенька стукаюць тры разы па сцяне. Яны распавядаюць, што Белая Дама і Чорная ваююць між сабой: Белая абараняе людзей, а Чорная нібы забівае.
Дзеці кажуць, што тут жылі князі, праўда, назваць некаторыя імёны не атрымліваецца. Аднак месца з-за гэтага не губляе сваёй містычнай прыцягальнасці, і дзеці з задавальненнем лазяць па руінах. Часам знаходзяць нейкія косткі і хваляцца сваім сябрам, што гэта сапраўдныя, чалавечыя, а калі трошкі разгрэбці пясок, то можна нават знайсці сапраўдны чэрап. Праўда, сярод дзяцей ёсць і скептыкі, якія кажуць, што гэта курыныя косткі, якія засталіся тут пасля нечага пікніка.
Іншыя хлопчыкі тлумачаць, што адзін з прывідаў – не дама, а манах. Яны іх ніколі не бачылі, але чулі пра іх шмат.
Археолаг Марк распавядае пра прадстаўнікоў роду Сапегаў, якім некалі належаў замак. Успамінае і пра легенды, якія ходзяць вакол замка.
– Сам я аднойчы бачыў белую постаць дзяўчыны, але не на тэрыторыі замка, а далей у горадзе, – кажа Марк. – А чорная цень аднойчы правяла мяне да самага дома, а пасля не давала спаць.
На руінах замка рабочыя не бачылі ніякіх прывідаў.
– Магчыма, калі паставіць раскладушку там, дзе раней былі спальныя пакоі, то нешта і пабачыш, – усміхаецца Марк. – Але так пакуль ніхто не рабіў.
Дзеці ладзяць пікнікі, дарослыя прыходзяць па цэглу
Пакуль мы аглядаем замак, на вочы пастаянна трапляюцца мясцовыя дзеці. Для іх гісторыка-культураная каштоўнасць – выдатная пляцоўка для альпінізму.
Падчас размовы чуем галасы зверху. Падымаем галовы і бачым: хлопчык з бутэлькай квасу ў адной руцэ і вафлямі ў другой караскаецца на адну з арак. Хутка да яго далучаецца другі. Хлопчыкі ладзяць там пікнік.
– Ганяеце мясцовых дзяцей? – пытаюся ў работнікаў.
– Вядома, ганяем, – адказвае археолаг. – Але толку ад гэтага мала. Я ім пастаянна кажу, што месца небяспечнае і цагліна на галаву можа ўпасці. Але каб яны слухалі! Праблема не толькі ў тым, што яны тут гойсаюць. Яны ж і бяруць адсюль усе, што хочуць. Калі прыязджае экскурсія, у іх хоць настаўніца ёсць, якая за імі сочыць. А калі дзеці мясцовыя – не буду ж я з бічом за імі ганяцца.
Руіны Гальшанскага замка – пляцоўка для гульняў не для аднаго пакалення дзяцей.
– Сам я таксама часта бавіў час тут, калі малы быў, бо жыву ў суседняй вёсцы, – прызнаецца Марк. – Але гадоў дзесяць таму тут усё выглядала інакш, цяпер шмат што зруйнавалася.
Руіны замка прыцягваюць не толькі дзяцей. На тэрыторыі колішняга замка ляжыць шмат старажытнай цэглы, якую рабочыя знаходзяць падчас раскопак. Яе згружаюць у асобныя вялікія кучы.
Успамінаючы гісторыю пра тое, як з цаглінаў Гальшанскага замка некалі пабудавалі кароўнік, пытаюся ў рабочых, ці прыходзяць па цагліны цяпер.
– Так, такое сустракаецца, – адказваюць яны. – За ўсім немагчыма прасачыць.
Што чакае руіны замка – невядома
Калі глядзіш на сцены замка і бачыш цагліны, кожная з якіх нясе ў сабе гісторыю нашай зямлі, адчуванні ад гэтага вельмі моцныя.
Некаторыя сцены выглядаюць так нетрывала, што здзіўляе, як жа яны яшчэ стаяць пад моцнымі вятрамі. Аркі выглядаюць вельмі крохкімі, але мясцовыя хлопцы ды і самі рабочыя не баяцца па іх хадзіць.
Але і ў такім выглядзе руіны замка застаюцца прывабнымі для турыстаў. Рабочыя гавораць, што да іх часта завітваюць не толькі беларусы, але і зацікаўленыя з Польшчы і Літвы.
– Пакуль магу сказаць дакладна, што захаваюць самую высокую вежу, – кажа Марк. – Яе будуць рэстаўраваць. Асноўную частку замка было б добра закансерваваць – пакрыць спецыяльным растворам, каб уратаваць ад ветру, дажджу і снегу. Але на гэта трэба вялікія грошы, якіх пакуль няма.
Пад канец нашага агляду на небе збіраюцца хмары. Ды і сіноптыкі перадавалі дажджы.
– Трэба паціху хавацца, каб не змокнуць, – кажу археолагу.
– Не хвалюйцеся, не змокнем: над замкам дождж ніколі не ідзе, – супакойвае Марк. – Колькі тут працую, ні разу не было нармальнага дажджу. Нават калі над Гальшанамі залева, тут толькі крыху капае. Такое гэта месца, са сваёй гістарычнай атмасферай, што і надвор’ю непадуладнае.
Афіцыйна
Гальшанскі замак павінны аднаўляцца па дзяржаўнай праграме “Замкі Беларусі”
Праграма прынятая ў 2012 годзе і будзе дзейнічаць да 2018 года.
Дакумент прызнае, што большасць замкаў і рэшткаў замкавых збудаванняў у Беларусі знаходзяцца ў незадавальняючым стане. Для іх захавання прадугледжаныя ў асноўным кансервацыя і рэстаўрацыя. Усяго 38 аб’ектаў (з існуючых 1500) трапляюць пад дзеянне праграмы.
Гальшанскі замак уваходзіць у спіс з сямі аб’ектаў, на якіх у праграме запланаваная кансервацыя рэшткаў пабудоў. Асобныя збудаванні будуць прыстасаваныя для арганізацыі музейных экспазіцый.
Гэтыя ж пункты тычацца і Крэўскага замка, які знаходзіцца ў Смаргонскім раёне.
У праграме тлумачыцца і тое, адкуль будуць брацца сродкі на кансервацыю і рэстаўрацыю. У выпадку з Гальшанскім замкам будуць выкарыстоўвацца бюджэтныя сродкі (ад Гродзенскага аблвыканкама і Міністэрства культуры), у тым ліку тыя, якія выдаткоўваюцца ў межах дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2011-2015 гады, а таксама сродкі, прыцягнутыя дабрачынным фондам “Любчанскі замак”.
Асноўныя работы ў Гальшанскім замку запланаваныя праграмай на 2012-2015 гады.
Сума, якая пойдзе на добраўпарадкаванне руінаў замка, не называецца.
Аляксандра ПАРАХНЯ
Фота і відэа: Зоя ХРУЦКАЯ, Аляксандра ПАРАХНЯ, Аляксандр МАНЦЭВІЧ