Свята гукання вясны 30 сакавіка ўпершыню ў горадзе правяла суполка традыцыйнай культуры. Месцам правядзення стала ўжо вядомая ў горадзе антыкавярня “Жывы час”. У свяце мог паўдзельнічаць любы ахвотны, што ў гэты час прыйшоў у раён гарадзенскай сінагогі.
Пра свята расказвае арганізатар фестывалю Анастасія Янкоўская:
– Гэта добрая традыцыя – клікаць вясну. У Мінску робяць нешта падобнае ўжо гадоў пяць, а мы вырашылі правесці ў Горадні.
Асаблівасцю гэтага мерапрыемства стаў майстар-клас па вырабе лялек з тканіны, у якім узялі ўдзел дзеці нароўні з дарослымі. Яго зладзіла вядомы ў Горадні майстар і гарадзенская журналістка Вольга Камягіна:
– Нашы продкі лічылі, што на крылах птушак прылятае вясна. І менавіта птушкі прыносяць цяпло, якога так не хапае ўзімку. Рабілі птушак і з тканіны, і з паперы. А выраб лялек – даволі старажытная традыцыя ўсіх славянскіх народаў, якія мелі паганскія карані.
Музычным упрыгожаннем свята стаў гурт Hurdy gurdy & Selva magica.
Андрэй Мялешка
Фота Андрэя Мялешкі і Аляксандра Саенкі