У Гародні адбылася сустрэча, прысвечаная бітве пад Оршай. У зале польскага консульства сабралася амаль 50 гарадзенцаў, каб паслухаць прэзентацыю беларускага нумару польскага гістарычнага часопіса “Mówią Wieki”. Глянцавае выданне з прыгожымі малюнкамі расказвае пра перамогу пад Оршай – перамогу 30-тысячнага войска Вялікага Княства і Кароны Польскай над 80-тысячным войскам Маскоўскай дзяржавы.
Пра нумар расказвае Павал Мажэйка, каардынатар кніжнай серыі “Гарадзенская бібліятэка”:
“Самае важнае, што падзеі ва Украіне выразна паказваюць нам, наколькі важна ўмацоўваць і аднаўляць памяць пра тое, як мы супольнымі намаганнямі давалі адпор агрэсару. Для нас велізарны гонар узяць удзел у прамоцыі такога часопіса, які фактычна ўпершыню выдадзены па-беларуску. Шмат артыкулаў, якія раскрываюць падрабязнасці гэтай славутай бітвы”.
На гарадзенскую сустрэчу завітаў галоўны рэдактар “Mówią Wieki” Томаш Бохун:
– Першапачаткова нумар выйшаў па-польску. А затым да нас звярнуўся Польскі інстытут у Мінску, каб зрабіць нумар па-беларуску. Знайшоўся перакладчык, і вось вам нумар. Гэтае выданне не толькі пра бітву пад Оршай, таксама тут расказваецца пра перамогу польска-беларускай дзяржавы на пераломе XV–XVI стагоддзя, гэта адказ на пытанне, чаму мы перамаглі пад Оршай. Таксама паказана цывілізацыйная розніца паміж Польшчай, Літвой і Масковіяй. Хачу таксама зазначыць такі парадокс: кіраўнік аб’яднанага польска-літоўскага войска Канстанцін Астрожскі – праваслаўны і пабіў таксама праваслаўных. Гэта, на маю думку, паказвае, што Рэч Паспалітая была адкрытаю дзяржаваю для розных веравызнанняў, нацыянальнасцяў, і гэта, на маю думку, дапамагло перамагчы маскавітаў”
Беларускія гісторыкі Альбіна Семянчук і Андрэй Янушкевіч казалі пра адметнасць гэтага нумару як гістарычнай падзеі і апавядалі пра асаблівасці такога выдання для Беларусі.
Гэтая сустрэча стала працягам святкавання бітвы пад Оршай – першая частка адбылася ў гарадзенскім Фарным касцёле, калі святочная імша перамяжоўвалася выступам хораў з Беларусі і Польшчы, што спявалі старажытныя песні і маршы.
Андрэй Мялешка
Фота Андрэя Мялешкі