Выходныя ў Гародні адзначыліся шэрагам цікавых падзеяў. Адной з іх стала прэзентацыя пятага нумару часопіса “LO_ok”, што складалася з дзвюх частак: тэматычнай вечарыны ў антыкавярні “Жывы час” і начной імпрэзы ў бары “Сіці”.
На першай частцы спрабавалі паказаць, як нараджаўся музычны андэграўнд у Гародні і чаму знікла хваля панку 90-х. На прэзентацыі выступілі аўтары самвыдату і музыкі. Яўген Нікіцін згадаў свой першы гурт The POST, а Алесь Дзянісаў адказаў на пытанні прысутных і праспяваў адну з самых знакамітых песняў “Кальяна” – “Радыеактыўны снег”.
Аўтары часопіса адказалі на некалькі пытанняў.
– Пра што нумар, які вы тут прадстаўляеце?
Рэдактар Алена Касянчук: Гэты нумар незвычайны, двухбаковы. Першая частка прысвечаная гарадзенскай андэграўнднай музыцы. Гісторыі пра тое, калі першыя панкі ў Гародні ўзялі ў рукі гітары. Другая частка прысвечаная нефармальнаму арту, мастакам, які выстаўляюцца не толькі ў вялікіх залах, але і малююць на сценах дамоў.
– Чаму выданне папяровае?
– Таму што папяровае выданне можна трымаць у руках. Яго можна паглядзець і перадаць сябру. Мы спадзяемся, што гэты часопіс будзе хоць у каго-небудзь на паліцах.
– Як даўно вы выдаяце часопіс?
– Менавіта ў Гародні – прыкладна два з паловай гады, гэта ўжо пяты нумар.
– Якія планы, што будзе далей? Ці будзе нейкі дадатак да часопіса?
– Мы існуем не толькі на паперы. У нас ёсць сайт у інтэрнэце, дзе мы змяшчаем шмат фотаздымкаў і часам відэа. Што будзе далей, пакуль невядома.
Намесніца рэдактара Тая Касцюк кажа:
– Шкада, што над выданнем працуе няшмат народу. Гэта я, я занятая на асноўнай працы, ёсць Алена, ёсць нейкія энтузіясты, якія раз на месяц нейкі артыкул нам дашлюць.
Аўтары кажуць што спадзяюцца на новых людзей. “Калі, напрыклад, нехта здымае класнае відэа, запрашаем да нас”.
Другой часткай сустрэчы сталі выступы ды-джэяў, добра вядомых у Гародні: Party3an (ragga jungle,dubwise), Orca (liquid drum and bass), Noisbit (breaks, dubstep). Скончылася прэзентацыя далёка за поўнач.
Андрэй Мялешка
Фота Андрэя Мялешкі