Імя легендарнага беларускага мастака і пісьменніка Язэпа Драздовіча ўсё вышэй уздымаецца на небасхіле айчыннай культуры. Пачалі выходзіць мастацкія альбомы з яго працамі, ладзяцца канферэнцыі па яго творчасці, арганізуюцца выставы з яго твораў. Гэтымі днямі выйшла навуковае выданне “Прыйдзе час…”, прысвечанае 120-годдзю Вечнага Вандроўніка.
У зборнік увайшлі матэрыялы ІІ Драздовіцкіх навуковых чытанняў, а таксама матэрыялы пра мастака, якія раней не публікаваліся, даследаванні, прысвечаныя ўплыву яго творчасці на развіццё сучаснага мастацтва Беларусі. Зборнік падрыхтаваны Германовіцкім культурна-асветніцкім цэнтрам імя Язэпа Драздовіча. Гаворыць адзін з выдаўцоў кнігі Вадзім Баршчэўскі:
– Зборнік багата аздоблены рэпрадукцыямі, творамі Драздовіча, фотаздымкамі ўдзельнікаў канферэнцыі і шматлікіх Драздовіцкіх пленэраў. Зборнік пабачыў свет на ахвяраваныя грамадзянамі Беларусі сродкі ў смаленскім выдавецкім доме “Зубр”. Рэдактар кнігі – мастацтвазнаўца, дацэнт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта Міхась Цыбульскі.
Дарэчы, у мінулы аўторак у Віцебскім краязнаўчым музеі адкрылася выстава Язэпа Драздовіча з фондаў Германавіцкага музея культуры і побыту. Выстава будзе працаваць да канца снежня.