27 сакавіка ў межах гэтай выставы адбылася творчая сустрэча з гомельскім мастаком.
Ужо 20 год у Валерыя Ляшкевіча няма дома. Адзін з гэтых гадоў бадзяжнага жыцця адлюстраваны ў дакументальным фільме “Перекрёсток”, які быў прэзентаваны на сустрэчы гомельскай публіцы. Насычаны глыбокімі і кранальнымі філасофскімі развагамі мастака, замалёўкамі з яго побыту, дыялогамі з мінакамі, фільм глядзіцца на адным дыханні.
А пасля прагляду можна было задаць пытанні як самому мастаку, так і аўтарам фільма – Анастасіі Мірашнічэнка і Алене Антанішынай. Пасля гутарку з мастаком удзельнікі працягнулі каля яго твораў, выстаўленых у зале палаца. Тут спадар Ляшкевіч з задавальненнм раскрываў сімвалы, прыхаваныя ў тварах людзей, выяўленых на яго партрэтах.
Ва ўдзельнікаў сустрэчы была таксама магчымасць набыць рэпрадукцыі гэтых партрэтаў з аўтографам творцы. Сродкі ад продажу, як паабяцалі арганізатары, пойдуць на дапамогу мастаку.
Трэба адзначыць, што нядаўна ажыццявілася даўняя мара Валерыя Ляшкевіча – зрабіць персанальную выставу ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. Аўтары фільма выказвалі спадзяванні і на здзяйсненне іншай яго мары – аб набыцці ўласнай вясковай хаткі пад Гомелем. На сённяшні дзень для мастака створаны дабрачынны рахунак, і, дзякуючы выставам, продажу арыгіналаў і рэпрадукцый работ, частка грошай ужо сабрана.