У апошні дзень Міжнароднага моладзевага тэатральнага форуму “М@рт-кантакт” прайшоў пазаконкурсны паказ п’есы Юрыя Дзівакова. У межах традыцыйнай Майстэрні маладой рэжысуры Юрый прадставіў свой эскіз да спектакля. У гэтым праекце ён і драматург, і рэжысёр.
Праекты Юрыя Дзівакова звычайна аб’ядноўвае адно: жаданне пасля спектакля падысці да рэжысёра і спытаць, што гэта было і што ён хацеў сказаць. Вось і гэтым разам гледачы засталіся здзіўленыя. На імправізаванай сцэне курчыліся і бегалі незвычайныя персанажы, плявалі на выяву Хрыста, мылі яе, малявалі на ёй, цалавалі адно аднаму рукі, скакалі і крычалі. Складана апісаць гэты спектакль і не выглядаць пры гэтым вар’ятам. Але пры ўсім тым было выдатна. Спектакль захапіў сваёй візуалізацыяй, за акцёрамі хацелася сачыць. Не разумець, а проста глядзець.
Сам Юрый Дзівакоў тлумачыць задуму спектакля не стаў. На яго думку, тэатру неабавязкова падымаць нейкія глабальныя праблемы, неабавязкова мець падтэкст і несці мараль. Часам тое, што мы бачым, — гэта проста тое, што мы бачым. І не больш за гэта.
Размову пра спектакль і пра “драматурга-рэжысёра” ў цэлым працягнулі тэатральныя крытыкі і журы па заканчэнні спектакля.
Марыя Гілёва