Творчы вечар заслужанай і народнай артысткі Украінскай ССР, народнай артысткі СССР, Героя Украіны Ады Рогаўцавай прайшоў у Магілёве 23 сакавіка. Ада Рогаўцава прыехала ў Магілёў у якасці старшыні журы Міжнароднага моладзевага тэатральнага форуму “М@rt-кантакт”.
За сваё жыццё актрыса сыграла больш чым у 100 кінастужках і ў мностве тэатральных пастановак і ў свае 75 гадоў працягвае працаваць і граць на сцэне.
На сустрэчу ў кінатэатры «Радзіма» сабралася нямала гледачоў — зала была поўная. Ада Мікалаеўна расказвала цікавыя, забаўныя і месцамі сумныя гісторыі пра сваё жыццё, пра родных і блізкіх, пра знаёмых і сяброў. Са слязьмі на вачах расказала артыстка і пра свае страты — пра смерць мужа і любімага сына, пра паралюш маці. Гучалі ў гэты вечар і вершы: Мандэльштама, Ахматавай, Цвятаевай, а таксама ўласныя вершы Ады Рогаўцавай.
Таксама Ада Мікалаеўна прадставіла публіцы сваю вялікую кнігу “Пасведчанне аб жыцці”, а па заканчэнні вечара гледачы маглі купіць кнігу і атрымаць аўтограф у аўтара.
Сустрэча атрымалася вельмі шчырай і душэўнай, і гледачы не хацелі адпускаць артыстку. Ды і сама яна не спяшалася сыходзіць. У выніку творчы вечар так зацягнуўся, што Ада Мікалаеўна нават прапусціла адзін са спектакляў форуму, на якім павінная была сядзець у журы. “Спадзяюся, яны там зразумеюць мяне і не пакрыўдзяцца”, — сказала акторка і працягнула свой займальны аповед.
Марыя Гілёва