У Гомелі прэзентавалі карту шляхецкіх сядзібаў вобласці XIX стагоддзя. Большасць з іх не захаваліся. Група энтузіястаў, у якую ўвайшлі гісторык Марыя Булавінская, архітэктар Сяргей Ляпін і мастак Ірына Панкова, здолела па крупіцах сабраць інфармацыю пра 27 маёнткаў, аднавіць іх знешні выгляд і нанесці на карту.
Аб шматгадовай працы распавяла натхняльнік праекта Марыя Булавінская: – Я знаходзіла інфармацыю: карціны, гравюры, фота, апісанні гэтых маёнткаў. Сяргей Ляпін аднаўляў іх знешні архітэктурны выгляд і наносіў на карту. Ірына Панкова стварала аб’ёмныя мастацкія вобразы шляхецкіх сядзібаў. З іх захавалася не больш за дзесятак. Некаторыя знаходзяцца ў крытычным стане. Ад большасці засталіся толькі зарослыя старыя паркі і каналы, але контуры гэтых ландшафтаў захоўваюць размах і эстэтыку шляхецкага жыцця.
На карце, як запэўніваюць стваральнікі, дакладныя копіі фасадаў маёнткаў, без дадатковых фантазій. Усе архітэктурныя элементы маюць гістарычнае пацверджанне. Кожная сядзіба падпісаная імем уладальнікаў, а побач іх фамільны герб. Большасць будынкаў пабудавана ў модным тады стылі класіцызму. Карта выстаўлена на агляд у гомельскім філіяле Веткаўскага музея стараабравдства і беларускіх традыцый, у экспазіцыі з мастацкімі выявамі сядзіб і элементамі шляхецкага побыту. Праект мае важнае краязнаўчае значэнне, і па задумцы аўтараў, закліканы абуджаць цікавасць да беларускай гісторыі і захоўваць яе.