Вяршкі з культурнага жыцця сталіцы за мінулы год зняў інтэрнэт-партал 360.by ды высветліў найлепшых на мяжы новага году на цырымоніі ўзнагароджання “Новы Мінск-2009”, што прайшла 29 снежня ў сталічным клубе “Bronx”.
На цырымонію завіталі далучаныя да сталічнага культурніцкага абшару асобы. Бізнэсоўцы і радыёдыджэі, акторы тэатра ды кіно і журналісты чакалі пад музыку вынікаў году. Госці збіраліся пад павольны джаз ад Біг Бэнду пад кіраўніцтвам Васіля Коназа. Мажлівасць наведаць цырымонію абмяжоўвалася спісам запрошаных і невялікай колькасцю квіткоў.
У сёлетнім годзе сталіца поўнілася канцэртамі, адкрыццём новых пляцовак і фэстамі. Заснавальнік прэміі “Новы Мінск-2009” інтэрнэт-партал 360.by абраў прэтэндэнтаў праз водгукі на старонках сайту.
Дырэктар інтэрнэт-парталу 360.by Юры Рэўт:
– Згодна з падзеямі і канцэртамі Мінск эвалюцыянуе ў сваім культурным развіцці. Калісьці ў Мінск прывезлі Браяна Адамса, сёлета прывезлі Крыйса Ры і Энрыке Іглесіяса. Хутка прыедуць “Rammstein” і Патрысія Кас. Горад змяняецца і расце, і давайце будзем узгадваць добрае. Мы прайшлі год: нехта плакаў на канцэрце, нехта на ім закахаўся.
У мінулым годзе партал 360.by вызначыўся з 36 найлепшымі месцамі Мінска, якія абіралі наведвальнікі сайту. Прэмія давалася толькі месцам і абмінала культурніцкія падзеі, таму ўзнікла патрэба яшчэ аднаго ўзнагароджання.
Дырэктар парталу 360.by Юры Рэўт:
– “Новы Мінск 2009” – гэта прэмія, якая вынікае з таго, што мы не здолелі адзначыць усіх у межах прэміі “36 улюбёных месцаў Мінска”. Сёлетняя прэмія – свайго кшталту працяг.
Найлепшае з абранага у шэрагу намінацыяў вызначаў экспертны савет прэміі ў складзе 18 чалавек, куды ўвайшлі прадстаўнікі СМІ і шматжанравых кірункаў культуры. Вызначаць лёс падзеяў, канцэртаў і фэстаў давялося сярод іншых Андрэю Халадзінскаму з “Альфа-радыё”, Анастасіі Мурашкінай з “1-ага Музычнага каналу”, артыстцы цырку Ганне Бандарчук, дызайнеру Наталлі Поткінай ды інш.
Акрамя замежных зорак сцэны ў Беларусі існуюць свае нацыянальныя брэнды. У намінацыі “рокавы канцэрт” перамог гурт “Ляпіс Трубецкой”, што зазначыў Юры Рэўт:
– У нас ёсць некалькі калектываў, якія вызначаюць аблічча Беларусі . Канцэрт гурта “Ляпіс Трубецкой” у гэтым годзе быў доўгачаканым і відавочна падараваў станоўчыя эмоцыі. Зграць старыя хіты сёння можа большасць прафесіяналаў, але зрабіць канцэрт нацыянальным можа не кожны.
Пераможцы былі абраныя саветам прэміі ў шэрагу намінацыяў, сярод якіх – падзея году, канцэрт году і новыя месцы году.
Самай знакавай падзеяй, па меркаванні савета прэміі, стаўся “Байк-фэст-2009”, найлепшым фэстам, які праходзіў у памяшканні, быў абраны “Godskitchen Urban Wave“ – электрычны фэст ад “Карпарацыі забаваў”. Найлепшы Open Air за год – “GLOBAL GATHERING FESTIVAL” ад усё той жа “Карпарацыі забаваў”. Пераможцы новых месцаў Мінска размеркаваліся наступным чынам: найлепшы бар – “Doodah King”, кавярня – “Кушавэль”, рэстарацыя – “Dolce Vita”, караоке-клуб – “Опера” і клуб – “Next”.
Урачыстае ўзнагароджанне межавалася з выступамі джазавага аркестру і спявачкі Тані Фарэдо.
Найлепшыя канцэрты паводле меркавання савета прэміі агучыў дырэктар “Першага музычнага канала” Валерый Краўчук:
– Нягледзячы на ўсе перашкоды, канцэртаў у гэтым годзе было дастаткова. Я тут, каб абвесціць найлепшыя паводле меркавання інтэрнэт-парталу 360.by.
У катэгорыі папулярнай музыкі вызначыўся канцэрт Энрыке Іглесіяса, а прэмію забрала “Карпарацыі забаваў”. Найлепшай у джазе сталася НіНО КАТАМАДЗЕ и Гурт «INSIGHT», а прэмія дасталася арганізатарам шоў – Палацу рэспублікі.
Асобную прэмію “Адраджэнне” атрымаў мінскі Тэатр оперы і балету.
Намеснік дырэктара тэатра Валерый Гедройц:
– Вельмі прыемна, што партал 360.by адзначыў адраджэнне аднаго з сімвалаў культуры.
Пасля цырымоніі ўзнагароджання у клубе “Bronx” яшчэ працягвалася перадсвяткаванне і цягнуліся размовы на глебе культуры.