Першы фестываль для жанчын «Яна» прайшоў у Магілёве 8 і 9 верасня. У магілёўскай SOS-вёсцы сабраліся майстры візажу, кулінарыі, роспісу па шкле, дактары і псіхолагі. Усе яны дзяліліся сваім вопытам з магіляўчанкамі, якія ў гэтыя выходныя вырашылі наведаць фестываль.
Нягледзячы на тое, што многія майстар-класы можна было наведаць толькі па запісе, на фестываль прыехала даволі шмат людзей, якія не зарэгістраваліся загадзя. Зрэшты, на любым з мерапрыемстваў можна было папрысутнічаць нават без запісу: майстры з радасцю дзяліліся сваімі сакрэтамі з усімі.
У рамках фестывалю прайшлі майстар-класы па цырульніцкім майстэрстве, вітражы, ёзе для цяжарных, пілінгу, кітайскай акупунктуры і многім іншым. Акрамя таго, можна было паслухаць лекцыі на тэму ўралагічных праблем, сэксуальнасці, хрысціянства, зніжэння вагі.
Мерапрыемствы прайшлі ў пяці хатках, размешчаных у вёсцы. У прамежку паміж майстар-класамі можна было пагуляць, выпіць гарбаты ці кавы, пагутарыць з арганізатарамі. На фестывалі прысутнічалі не толькі жанчыны – некаторыя мерапрыемствы наведалі і мужчыны. Арганізатары былі толькі радыя бачыць прадстаўнікоў моцнага полу, якія вырашылі даведацца шмат новага пра жанчын.
Як адзначаюць арганізатары, фестываль выклікаў ажыятаж у магіляўчанак: чакалася, што людзей будзе нашмат менш. Таму, магчыма, праз нейкі час у Магілёве зноў пройдзе мерапрыемства такога плану.
Марыя Гілёва