18 красавіка ва ўсім свеце па ініцыятыве ЮНЭСКА ўжо 26-ы раз адзначаецца Міжнародны дзень помнікаў і мясцінаў. У гэты дзень прынята звяртаць асаблівую ўвагу на адметныя помнікі гісторыі і культуры, каб мацней адчуць значнасць гістарычных мясцін і прыналежнасць да мінулага і будучыні свайго краю.
Беларусь таксама багатая на гістарычныя помнікі і мясціны. Гэта старыя сярэднявечныя замкі, палацы, сотні сядзібаў, храмы розных канфесій, іншыя помнікі мінулых стагоддзяў. Яны маюць свае адметнасці, і мы па праву можам імі ганарыцца. Такая разнастайная спадчына, што засталася нам ад былых пакаленняў, сведчыць пра асобнае месца Беларусі ў сусветнай прасторы, паказвае нам жывую гісторыю, дае магчымасць дзівіцца на майстэрства і ўнікальныя тэхналогіі нашых папярэднікаў.
2009-ы год абвешчаны ў Беларусі Годам роднай зямлі. Гэта добрая нагода падтрымаць сусветную традыцыю святкавання Міжнароднага дня помнікаў і мясцінаў. Давайце ўключым свой патэнцыял у справу пашырэння ведаў пра гісторыка-культурную спадчыну Беларусі і асэнсавання яе значнасці!
У прыватнасці, з 17 па 19 красавіка 2009 года ў розных гарадах Беларусі плануецца правесці шэраг экскурсій па найважнейшых помніках таго ці іншага рэгіёна. У Мінску такое мерапрыемства будзе называцца “Фэст экскурсаводаў”. Запланаваныя пешыя экскурсіі па гістарычным цэнтры горада, Залатой горцы, раёне трактарнага завода, Грушаўскаму, Ракаўскаму прадмесцям, а таксама тэматычныя: “Мінск Музычны”, “Мінск Рэвалюцыйны (1917 – 1920 гг.)”, “Татарская слабада” і інш. Шэраг экскурсій запланаваны ў Гродна і Гомелі.
Важна, каб як мага больш краязнаўцаў і экскурсаводаў у гэтыя дні падзяліліся ведамі пра гісторыю свайго рэгіёну з іншымі людзьмі. Любоў, веды і клопат тых, хто жыве побач, – вось што наймацней спрыяе захаванню і адраджэнню помнікаў! Таму ў Мінску інфармацыя аб правядзенні экскурсій будзе распаўсюджвацца непасрэдна ў тым раёне, дзе яны будуць праходзіць.
Шаноўныя гісторыкі, настаўнікі, краязнаўцы, экскурсаводы і ўсе тыя, хто неабыякавы да лёсу гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі! Мы звяртаемся да вас з прапановай далучыцца да арганізацыі святочных мерапрыемстваў у Беларусі.
Вы можаце прыняць удзел у “Фэсце экскурсаводаў” у Мінску, працягнуць гэтую ініцыятыву ў сваім горадзе ці нават рэгіёне або прапанаваць іншую форму святкавання. Ініцыятыва вітаецца! Акрамя экскурсій, вы можаце наладзіць валанцёрскія прыборкі закінутых помнікаў, падрыхтаваць выставу фотаздымкаў у сваёй школе ці музеі. Калі парупіцца кожны – то разам атрымаецца вялікае свята!
Арганізатары бяруцца паспрыяць цікаўным і ініцыятыўным – у пошуку краязнаўцы, краязнаўцам-экскурсаводам – у пошуку “сваёй” групы, а таксама дапамагчы у асобных пытаннях (раздрукоўка буклетаў, аб’яваў, фотаздымкаў і інш.). І не забудзьцеся паведаміць нам пра вашую ініцыятыву, каб мы мелі магчымасць уключыць яе ў агульную праграму мерапрыемстваў!
Заключным этапам святкавання Міжнароднага дня помнікаў і мясцінаў павінен стаць канцэрт 19 красавіка ў Мінскім гарадскім палацы дзяцей і моладзі, куды мы запрашаем усіх ахвочых і зацікаўленых. І асабіста тых, хто наладзіць святкаванне ў сваім раёне! Такое мерапрыемства стане добрай нагодай пазнаёміцца і падзяліцца досведам для ўсіх, каго хвалюе лёс гісторычнай і культурнай спадчыны Беларусі.
З найлепшымі пажаданнямі
і спадзяваннямі на плённае супрацоўніцтва,
Беларускі камітэт Міжнароднай рады па помніках і мясцінах (ІКАМОС), ГА “Беларускі фонд культуры”, МГА “Гісторыка”, ГКТ “Этна” БДУ культуры і мастацтваў, ГА “Беларуская асацыяцыя экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў”
Зміцер Рагачоў, (8-029) 7550370 (каардынатар па працы з рэгіёнамі),
Павел Каралёў, (8-029) 7762435 (каардынатар па г. Мінск),
Цімох Акудовіч, (8-029) 5571124 (агульная каардынацыя і канцэрт).