Персанальная выстава Анатоля Концуба, прысвечаная 65-годдзю мастака, адкрылася 28 лістапада ў Бабруйскім мастацкім музеі.
Адкрыццё экспазіцыі з 43-ох жывапісных і 20-ці керамічных работ (сярод якіх – мноства новых) выклікала жывую цікавасць публікі і ўладатрымальнікі … Рэдкі выпадак: бабруйскі мэр ушанаваў сваёй увагай мастацкую выставу. Менавіта старшыня бабруйскага гарадскога выканаўчага камітэта Андрэй Каваленка і адкрыў афіцыйную частку прэзентацыі. На адкрыцці таксама прысутнічаў намеснік старшыні гарвыканкама Аляксандр Маркачоў і намеснік начальніка ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Бабруйскага гарвыканкама Ірына Роскач. Апошняя таксама сказала прывітальнае слова ў адрас юбіляра.
Шмат цёплых слоў прагучала з вуснаў гасцей з абласнога цэнтра – дырэктара Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя В. П. Масленікава Аляксандра Хахракова, яго намесніка па навуковай рабоце Святланы Строгінай і магілёўскага мастака Веры Юрковай. На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця выступілі старшыня Бабруйскай гарадской арганізацыі Беларускага саюза мастакоў Валерый Калтыгін. Для многіх прысутных стала адкрыццём, што Валеры Аркадзьевіч, як кераміст, з’яўляецца вучнем Анатоля Аляксандравіча. Таксама слова трымалі дырэктар Бабруйскага мастацкага музея Святлана Прывалава, іншыя сябры і калегі Анатоля Концуба …
Сам герой вечарыны – мастак Анатоль Концуб – прачытаў выдатную гісторыю ад японскага мастака Хакусая і запрасіў тых, хто сабраўся, азнаёміцца з экспазіцыяй. Прагляд выставы суправаджаў ансамбль інструментальнай музыкі «Бурлеск» пад кіраўніцтвам Ірыны Чубаравай бабруйскай дзіцячай школы мастацтваў № 1 імя Я. К. Цікоцкага.
Бабруйчане і госці горада змогуць атрымаць асалоду ад творчасці Анатоля Концуба ў сценах мастацкага музея да канца бягучага года .
Аляксандр Багдановіч, фота Віктара Масаловіч, babruysk.by