У Гародні адбыўся выступ двух культавых для беларускай публікі гуртоў: “Чэвенгура” і “Сердца Дурака”. Магілёвец Цімафей Яравікоў, вакаліст “Сердца Дурака” упершыню ў жыцці выступаў ў Гародні, і яго акустычны выступ нагадваў творчую сустрэчу. Адказы на пытанні, аповеды пра песні перамешваліся з жыццёвымі гісторыямі.
Распачаў праграму Павал Цюменеў, які вядомы ў горадзе эксперыментамі з музыкай. Гэтым разам на сцэне замест брутальнага і злоснага электроншчыка ці металіста можна было пабачыць вясёлага рамантыка, што выконваў песні ў стылі рускага року.
– Насамрэч сённяшнія песні – гэта вельмі старыя рэчы. Некаторым з іх па 20 гадоў. Калі мне было 17-18, я напісаў вершы, потым паклаў іх на музыку і перыядычна выконваю. Я лічу, што калі яны не страчваюць сваёй каштоўнасці і людзі іх нармальна ўспрымаюць, іх можна выконваць, – сказаў Павал.
А вакаліст “Сердца Дурака” пагадзіўся адказаць на некалькі пытанняў.
– Адкуль такая назва гурта?
– Сама назва не мая – гэта заварот мінскага аўтара Джэймса Гудвіна. Менавіта так называлася яго кніга. Але гэтая назва добра адлюстроўвае наш светапогляд, ёй можна акрэсліць тое, пра што спявае наш гурт.
– Стыль гурта – гэта што?
– Мы імкнемся да мінімалізму, аднак прыцягвалі шмат інструментаў, ды і склад гурта мяняўся даволі часта. Але з гадамі цягнемся да музычнай простасці. Пры гэтым мы тэкстацэнтрычны гурт.
– Ці карыстаецеся тэкстамі нейкіх беларускіх аўтараў?
– На жаль, не. Тэксты ў асноўным мае. А сам я па нацыянальнасці рускі і я на беларускай мове, на жаль, не думаю: даводзіцца перакладаць у галаве, калі я з вамі размаўляю.
– Як доўга існуе гурт?
– Сёлета будзе 12 гадоў.
– Што за гэты час змянілася ў вашай музыцы?
– Шмат чаго. Мы сталеем, і гэта адлюстроўваецца ў падыходзе да музыкі і тэкстаў. Я заўсёды так кажу – імгненне прайшло, і свет змяніўся. І калі ты з гэтым светам паспрабаваў змяніцца сам – у цябе з’явілася нешта новае, а калі не паспеў – у цябе нічога не атрымаецца.
Канцэрт сабраў няшмат слухачоў, аднак большасць ведала песні выступоўцаў, таму склалася ўражанне сяброўскай імпрэзы.
Андрэй Мялешка
Фота Андрэя Мялешкі