23 красавіка, на 50-годдзе фірмы грамкружэлак “Мелодыя”, поп-гурт “17 секунд” праспяваў папуры з найлепшых хітоў за ўсю яе гісторыю: “Малінаўку”, “Музыка нас звязала”, “Бухгалтар” – унутры велізарнай пласцінкі ў цэнтры Гародні. Асаблівасцю самой “кружэлкі” было тое, што пры яе збудаванні выкарыстоўвалася гумавая дробка, перапрацаваная з выкінутых шын.
Пра акцыю расказвае кіраўнік галоўнага упраўлення ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Гарадзенскага аблвыканкама Павел Скрабко:
– Рэч у тым, што мы ўжо не адзін год ладзім такія імпрэзы разам з “Жывой гісторыяй”. Тое, што прапануе моладзь, і тое, што нам цікава, – мы заўсёды гэта падтрымліваем. Фірма грамзапісу “Мелодыя” ў жыцці сталых ужо людзей адыграла вялікую ролю.
– А вы самі слухаеце такія кружэлкі дома?
– Я нават іх збіраю. У маёй калекцыі каля тысячы штук. Але гэта не толькі вінілавыя дыскі, але і старэйшыя, якія былі. Самая старая пласцінка ў мяне – гэта дыск 1915 года.
Акцыя прайшла ў межах мерапрыемстваў “Гародня – культурная сталіца Беларусі”.
Андрэй Мялешка
Фота Андрэя Мялешкі і Аляксандра Саенкі