26 верасня Цэнтральная гарадская бібліятэка імя К. Маркса ў Магілёве адчыніла свае дзверы для тых, хто шануе паэзію: спадар Андрэй Хадановіч прывёз у горад вершы малавядомага таленавітага беларускага паэта Юлія Таўбіна.
Таўбін нарадзіўся 15 верасня 1911 года ў павятовым горадзе Астрагожск Варонежскай губерні, адукацыю атрымаў у Мсціславе і ўжо ў 15 гадоў пачаў публікаваць вершы ў газетах. У пачатку 1930-х было выдадзена 5 зборнікаў вершаў Таубіна. Таксама ён вядомы як перакладчык: перакладаў на беларускую мову Гайне, Чэхава, Маякоўскага, некаторых англійскіх паэтаў. У 1933 годзе быў арыштаваны і высланы ў Цюмень: па адной з версій, прычынай стаў ліст яго цёткі, якая эмігравала ў Амерыку. Праз чатыры гады Таўбін быў расстраляны як “член антысавецкай арганізацыі”. Сумна, але факт: з такой біяграфіяй у паэта не было шанцаў трапіць у савецкія падручнікі.
Крытыкі параўноўвалі яго з Багдановічам і раннім Пушкіным. Цяжка ўявіць, колькі страціла беларуская паэзія без Таўбіна. У 1956 годзе паэта рэабілітавалі і нават выдалі некалькі зборнікаў, але, як лічыць Андрэй Хадановіч, гэтыя кнігі не давалі цэльнага творчага партрэта паэта.
Кніга, якую падрыхтаваў да друку сам Хадановіч, выйшла ў свет у пачатку верасня гэтага года ў серыі “Паэты планеты”. У яе ўвайшлі найлепшыя, на яго думку, вершы Таўбіна, апублікаваныя пры жыцці, некалькі неапублікаваных твораў, а таксама пераклады.
— Таўбін — паэт высокай культуры, наскрозь літаратурацэнтрычны аўтар, больш такіх не было, — упэўнены Хадановіч. Бачна, што спадара Андрэя па-сапраўднаму захапіла творчасць паэта, можна нават сказаць, ён закаханы ў творы Таўбіна. Падчас прэзентацыі Хадановіч распавядаў пра жыццё і творчасць паэта, чытаў яго творы. Адзначыў некаторыя асаблівасці паэзіі Таўбіна: напрыклад, у таго зусім няма любоўнай лірыкі, а адзіны жаночы вобраз — гэта “маладая красуня смерць”, што, дарэчы, вельмі cімвалічна ў кантэксце жыцця паэта.
У адным з сваіх вершаў Таўбін пісаў, што яму 21 год и наперадзе ўсё жыццё. Менавіта гэтым вершам і скончыў свой выступ Хадановіч. Спадар Андрэй прызнаўся, што пасля гэтых слоў у яго быццам ком у горле, бо сам Юлі пражыў нядоўга і быў расстраляны ў 26 гадоў.
Юлі Таўбін — гэта цудоўныя вершы, абавязковыя для прачытання, такі беларускі джаз, цікавы и захапляльны. Іх лёгка пакласці на музыку і праспяваць — што і даказалі музыкі, якія выступілі напрыканцы вечара. Спадзяемся, гэта не апошняя сустрэча аматараў беларускай паэзіі ў Магілёве і нас чакае яшчэ не адно цудоўнае адкрыццё.
Іра Тонева, Марыя Гілёва