This movie requires Flash Player 9
10.01.2017 | Беларуская мова У краіне

У Віцебску кавярні, якія абслугоўваюць па-беларуску, у маразы прапануюць бясплатную гарбату

Яўген Арлоўскі за прылаўкам міні-кавярні «Teacava»

Яўген Арлоўскі за прылаўкам міні-кавярні «Teacava»

Віцебскія кавярні, у якіх наведнікаў абслугоўваюць па-беларуску, абвясьцілі гэтымі марознымі днямі акцыю: тут усім ахвотным прапануюць бясплатную гарбату. Прычым гаспадары харчоўняў, хоць і знаёмыя паміж сабой, пра дабрачыннасьць не дамаўляліся.

Гэтая думка прыйшла сама сабой, кажа Яўген Арлоўскі. Ён гатуе каву ў невялічкім павільёнчыку на першым паверсе гандлёвага цэнтру «Мэга». Міні-кавярня называецца «Teacava», а беларускае вуха чуе звыклае слова «цікава». Праўда, віцебскія мінакі чамусь ня надта цікавяцца бясплатнай гарбатай, дзівіцца Яўген:

«Праўда-праўда! Тры дні таму, як толькі пачаліся моцныя маразы, я зрабіў шыльдачку „Гарбата — дарма“. І жартоўны надпіс „Маразам прысьвячаецца“. Але людзі ў нас ня звыклі да такога, каб нехта нешта прапаноўваў бясплатна. Амаль ніхто гарбаты не папрасіў, хоць пагрэцца ў гандлёвы цэнтар заходзіла нямала народу».

Яўгену й самому ня надта цёпла на працоўным месцы: побач увесь час то адчыняюцца, то зачыняюцца дзьверы на вуліцу. Міні-кавярня «Teacava» працуе ў Віцебску ўжо некалькі месяцаў. Гэта сямейны бізнэс: гаспадыня — жонка Яўгена, якую завуць нетутэйшым імем Маліка. Яе тата аўганец. А беларускамоўнай кавярню маладыя сужонцы вырашылі зрабіць адмыслова, працягвае Яўген:

«Людзі адразу заўважаюць беларускую мову ў дызайне. Нехта сьмяецца, а нехта пытаньні задае, чаму на беларускай напісана. Вось учора хлопец прыйшоў, усю замову зрабіў па-беларуску. Вельмі прыемна! А каб хто нэгатыўна ставіўся, дык такога не было. Ну, хіба хто нецьвярозы пачынае глуміцца, дык што зь яго ўзяць!»

Назву і лягатып Яўген і Маліка прыдумалі самі, з дызайнам дапамагала сяброўка, мастачка Аліна Чыркесава, фірмовы фартушок з вышыўкай пашыла матуля сябра. На ім, апрача лягатыпу, слоган «З вамі цікава». Кожнаму наведніку тут адразу ж прэзэнтуюць візытоўку, яна ж — і бонусная картка: кожны пяты кубачак кавы гаспадары гатуюць бясплатна. Гэта самая шчодрая ў горадзе прапанова, бо ў віцебскіх «кававых канкурэнтаў» бясплатным бывае сёмы, восьмы, а то й дзясяты кубак.

Паводле адукацыі Яўген — мэнэджэр у сфэры турызму. Але папрацаваў ужо шмат дзе і кім, у тым ліку кухарам. Цяпер вырашыў заняцца гэткай справай. І ў ёй хлопец бачыць добрыя пэрспэктывы:

«Не магу сказаць, што гэта надта прыбытковы гандаль, але скардзіцца ня варта. Усё нармальна. Прыемна, што ўдалося зрабіць яшчэ адну беларускамоўную пляцоўку ў горадзе, дапамагчы знаёмым у творчай самарэалізацыі. І акцыя зь бясплатнай гарбатай з нагоды экстрэмальных маразоў — не апошняя добрая справа. Спадзяюся, наперадзе ў нас шмат чаго добрага!»

Добрую справу — адаграваць замерзлых мінакоў — робяць і ў арт-пабе «Торвальд» на вуліцы Талстога ў гістарычным цэнтры Віцебску.​

Гаспадар арт-пабу Віталь Броўка дэманструе шыльду, на якой напісана «Мы вас сагрэем»:

Віталь Броўка

Віталь Броўка

«Да нас прыходзіць вельмі шмат людзей, у тым ліку й тых, хто ня ведае пра бясплатную „антымарозную“ гарбату. І пакуль яны гартаюць мэню, вызначаюцца, гарачую гарбату мы адразу ставім на стол. Былі й такія, хто нічога не замаўляў — толькі пілі гарбату. Вясельле „забягала“ ў мінулую суботу: недзе хадзілі па горадзе, зьмерзьлі… Тут ужо было як каму — каму гарбаты, а каму па 50 грамаў каньяку ў каву». Шмат хто са знаёмых заходзіць проста павітацца, усім адразу ж прапануем гарбату».

«Зьмерзлым вандроўнікам» прапануюць таксама гарачы глінтвэйн, а таксама «гжанец» — «піўны глінтвэйн», падагрэтае піва са спэцыямі. А «вандроўнікаў» рознай ступені замерзласьці тут штодня бывае шмат: канцэрты ды іншыя культурніцкія захады ў «Торвальдзе» расплянаваныя на некалькі месяцаў наперад.

Дарэчы, размаўляючы па-беларуску, пэрсанал абедзьвюх кавярняў не патрабуе таго ж самага ў адказ. Гарачай гарбаты тут нальюць проста так, без усялякіх зьніжак за беларускамоўнасьць ці чагось падобнага. Галоўнае, каб землякі ня мерзьлі ў халады.

Таго, што зьвесткі пра дармовую гарбату за некалькі дзён разыдуцца па горадзе і ахвотных яе паспытаць зьявіцца нямала, гаспадары не баяцца. Наадварот: яны пэўныя, што такія дабрачынныя акцыі толькі дадаюць папулярнасьці.


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика