6 траўня ў Заслаўскім музеі адбылося адкрыццё выставы Алеся Квяткоўскага. Гэта яшчэ адна выстава мастака, на якой гледачы могуць назіраць надзвычайны сінтэз творчасці самога мастака, а таксама усяго беларускага мастацка-літаратурнага жыцця. Таксама на гэтым адкрыці гледачы апынуліся ў адвечным мядовым свеце беларускага слова пад спевы на творы А. Сыса і В. Шніпа ў выкананні Вікторыі Ільінскай.
Выстава Алеся Квяткоўскага стала, як і ўсе папярэднія выставы мастака ў невялікі гарадах Беларусі, сапраўднай падзеяй для Заслаўя. Галоўную аўдыторыю адкрыцця складалі дзеці з мясцовай школы, якія з захапленнем слухалі размовы аўтара пра прадстаўленыя на выставе працы, а таксама ўважліва слухалі спевы Вікторыі Ільінскай.
– Напэўна, і ў іх нешта застанецца ад гэтай імпрэзы, не ва ўсіх, але ж на некаторых гэта моцна і добра паўплывае, я лічу,”- сказаў сам аўтар пасля адкрыцця выставы.
І насамрэч, усё, што адбываецца на выставах Квяткоўскага, з’яўляецца сапраўды моцнай ін’екцыяй ад бескультур’я, якое, на жаль, становіцца ўжо аксіёмай жыцця па-за межамі Мінску для шматлікіх сталічных жыхароў. Але, трапіўшы на адну з такіх выставаў, разумееш: пакуль ёсць людзі, якія прышлі ў паўцёмныя пакоі музея, каб пабачыць выявы невядомых істотаў з краіны мастака, куды непатрэбна ніякая віза, ніякія дазволы, існуе гэтая наша сапраўды беларуская спадчына, за якую не сорамна. А каб было не сорамна і нам, гледачам, дык і нам патрэбна калі-некалі пераадольваць гэтыя 26 ці яшчэ колькі кіламетраў ад Менску, каб дакрануцца да сапраўднага, беларускага і па-дзіцячы чыстага мастацтва краіны мядовага колеру і празрыстай паэзіі.