У Гародні адкрылася ўнікальная выстава “Рэчы паміж жыццём і смерцю”, на якой можна ўбачыць больш за тысячу асабістых рэчаў салдат ХХ стагоддзя. Самыя першыя экспанаты звязаныя з англа-бурскай вайной канца ХІХ стагоддзя, а апошнія – з Другой сусветнай.
Гэта асабістыя рэчы салдат, якія ваявалі ў Еўропе, ЗША і Японіі: біноклі і рыштунак, цыгарэты і грошы, музычныя інструменты, пляшкі, компасы і многае іншае. Усе рэчы належаць да прыватнага збору вядомага шведскага калекцыянера Торб’ярна Ленскага, і іх прадставіў у гарадзенскім Новым замку Шведскі музей.
Пра выставу расказвае загадчык аддзела новай гісторыі Гарадзенскага гісторыка-археалагічнага музея Андрэй Вашкевіч:
– На 150 метрах экспазіцыі прадстаўленая больш чым тысяча прадметаў. Многія з іх цікавыя перш за ўсё тэматычна. Напрыклад, ёсць асобная вітрына, дзе дэманструюцца прадметы, звязаныя з бітвай за Англію ў 1940 годзе. І там можна ўбачыць, напрыклад, трашчотку, якой апавяшчалі людзей падчас налёту самалётаў. Таксама дзіцячы супрацьгаз – каляровы, вельмі прыгожы. Начныя лямпы адмысловыя. А цэнтральны экспанат – ровар. Гэта ровар ваенна-дэсантных сіл ЗША. Іх у спецыяльных скрынях выкідалі з парашута падчас бітвы за Арнем у верасні 1944 года, і ангельскія дэсантнікі іх выкарыстоўвалі.
Андрэй Вашкевіч кажа, што на выставе можна пабачыць вядомыя брэнды. “Напрыклад, крэм “Нівея”, цыгарэты “Лакі Страйк”, “Кэмэл”, гарбату “Брукбонд”.
Наведнікі выставы падзяліліся ўражаннямі. Гарадзенскі краязнаўца Ян Лялевіч кажа, што выстава цікавая яму ў першую чаргу як калекцыянеру:
– Мне цікавыя рэчы, якія мелі ў побыце войскі, што знаходзіліся на тэрыторыі Беларусі падчас першай сусветнай вайны, савецка-польскай вайны 1920 года і Другой сусветнай, а таксама экіпіроўка жаўнераў Другой Рэчы Паспалітай (міжваеннай Польшчы). Яны гэтыя рэчы атрымлівалі ад ангельцаў і амерыканцаў у якасці дапамогі у 20-я гады ХХ стагоддзя. І вельмі часта ці парэшткі гэтых рэчаў, ці нават цэлыя экзэмпляры можна знайсці як у хатах, так і элементарна на палях. Напрыклад, цюбікі для пасты, старыя запальнічкі. На маю думку, этыя рэчы даюць поўную карціну для збіральнікаў ваеннай даўніны.
Наведаць выставу можна да 20 чэрвеня, а потым яе змогуць убачыць жыхары Мінска і іншых гарадоў Беларусі.
Андрэй Мялешка
Фота Андрэя Мялешкі і Аляксандра Саенкі