Святкаванне аднаго з самых радасных і чаканых у народзе гулянняў – Масленіцы – адбылося ў музейным комплексе старадаўніх народных рамёстваў і тэхналогій “Дудуткі” 13 лютага.
Хроніка святкавання
Сцюдзёнае надвор’е, нізкія хвалі і несуцяшальны метэапрагноз не спалохалі ні дарослых, ні маладых. А дзецям увогуле было раздолле: хочаш – на арэлях гушкайся, хочаш – у снежкі гуляйся ці карагоды вадзі – ні ў чым адмовы не будзе.
Бо бацькі ў гэты дзень дазволілі сабе забыцца на ўсе праблемы і сустрэць пачатак новага сонечнага цыклу, як належць беларусам: з гульнямі, песнямі, катаннем на санках і конях.
Не паспелі некалькі хлапчукоў схапіцца за канат і пачаць яго перацягваць, як татулі і матулі ўжо кінуліся на дапамогу: “На раз, два, тры – цягні”. Перамаглі, зразумела, усе!
У бойцы мяхамі самага ўстойлівага было вызначыць лягчэй: паваліўся з калодкі – прайграў. Цікава, чым былі мяхі набітыя, бо выглядала гэта надта пагрозліва.
Трапных стралкоў прыцягнула іншая забава: пацэліць з 5 метраў бульбай у мех. З боку гледзячы, здаецца, што гэта проста, але паспрабуйце самі.
Цэлую шклянку моцнага напою прапаноўвалі таму з дарослых, хто зробіць 7 абаротаў, абапершыся ілбом на дзяржальна сякеры, і пасля пападзе ёю па бульбе, што ляжыць на калодачцы. За пятнаццаць хвілін назіранняў не здолеў ніхто. Прывітанне вашай вестыбулярцы!
Забавы забавамі, але ж што галоўнае на Масленіцу? Вядома, бліны – самы смачны сонечны сімвал свята. “Масленка з блінамі – год з грыбамі”, – гавораць у народзе.
Ахвочыя да бліноў вабілі час у чарзе пад захапляльныя спевы ансамбля беларускай песні “Церніца”. А калі не вытрымлівалі, то пускаліся ў скокі. Вядома, бо за чвэрць веку, што існуе калектыў, у рэпертуар яго ўвайшлі песні, здольныя закрануць струны любой душы. Спевамі, прыпеўкамі, жартамі дапамагала дарослым “Цернічка” – дзіцячая частка калектыву.
Нарэшце настаў час традыцыйнага спалення пудзіла Зімы, амаль усе прысутныя ўтварылі велізарны карагод. Містычнае адчуванне ахапіла ўдзельнікаў свята, калі пудзіла пераламалася напалову, і нехта за спінай прамовіў: “Какой варварский праздник – бабу сжигают”.
Масленіца на Беларусі: сутнасць свята
Верагодна, не пагадіўся б з такім поглядам на цудоўны ачышчальны абрад арт-дырэктар музейнага комплексу “Дудуткі” Андрэй Андрэевіч Захаранка. Вось што ён раказаў:
“Калі глыбей глядзець, па хрысціянскіх святках, прасочваецца повязь Уласа з Вялесам. А пудзіла, якое мы спальваем, – Зіма (раней – Мара, цяпер – Марана, Марэна). Што такое Мара? Некаторыя лічаць, што гэта смерць. Дакладней будзе сказаць, што гэта стан сну (беларускае “марыць”), існаванне без актыўных дзеянняў. А хто такі Вялес? Зямля, яе моц. Вось і адбываецца змена эпох, Мара перадае эстафету Вялесу. Па сутнасці, мы святкуем гэтую змену. Вялес прыходзіць з сонейкам, з агнём, з цяплом, з дзеткамі Зямлі і дзеткамі людзей.
Мне падаецца, што беларусы захавалі самую старадаўнюю сутнасць свята Масленіцы. Расійскі варыянт больш падобны да карнавалаў. Бразільцы больш жаночым целам ухваляюцца, расійцы – мужчынскім (б’юць пысы на кулачных баях), а мы паміж імі, і мы захавалі тое, што было ад самага пачатку.
Сёння “паганства” негатыўна ацэньваюць, як мнагабожнасць ці нейкую разгубленасць. Насамрэч ніякага мнагабожніцтва ў той перыяд не было. Я абсалютна ў гэтым перакананы, бо Вялес – не бог, і Мара – не багіня. Усё гэта – іпастасі Творцы – нашае сапраўднае старабеларускае, стараславянскае разуменне Творцы (ні ў кога такога няма). Творца такі ўсемагутны, што мае мноства праяваў: у нараджэнні і ў смерці, ў агні і ў зямлі. Паўсюдна ён выяўляе нейкую частку сваёй абсалютна неабсяжнай істоты. Тая частка Творцы, якая адказвае за зямлю, за рост, за ўсё, што імкнецца да сонейка, – гэта Вялес, але гэта і Творца. Той, хто кару робіць, – гэта Пярун, таксама частка Творцы, але скіраваная на навядзенне парадку і г.д.”
У любым выпадку Масленіца – вялікае цудоўнае ласкавае свята, незалежна ад таго, паліце вы пудзіла Зімы ці сустракаеце красуню Вясну. Дык хутчэй бы яна прыйшла!