Пакуль навіны па тэлебачанні і ў газетах маюць яскрава выражаны мілітарысцкі (альбо антымілітарысцкі) характар, “Будзьма” працягвае збіраць для вас навіны, якія вы маглі прапусціць.
Напрыклад на Берасцейшчыне згубілі… беспілотнік. А шукаюць цяпер праз раённую газету. Кажуць, сам беспілотнік далёка не танны, спадзяемся, ён знойдзецца. Фота прыкладаем.
У Дубравенскім раёне тым часам адбылася іншая катастрофа – трактар без кіроўцы з’ехаў, даехаў да найбліжэйшага яру і там згарэў. 300 метраў для самастойнага трактара – неблагі вынік.
А ў Брэсце тым часам пачынаюць акцыю ў падтрымку аматараў перасякаць мяжу на роварах – беларускія памежнікі зусім не супраць, а вось з палякамі давядзецца дамаўляцца.
Лядовы палац у Маладзечне таксама далучаецца да рубрыкі “Здарэнні” – па словах маладзечанцаў, з яго “асыпаюцца літары”.
І навіны замежжа. Самай цікавай, на нашую думку, навіной стала тое, што аўтар кнігі “Фіеста: як не стаць ахвярай быкоў у Памплоне” стаў ахвярай быкоў у Памплоне. Аўтар кнігі жывы і, можа, парадуе нас яшчэ якімі-небудзь цікавымі кнігамі.
Падрыхтаваў Мікалай Левертаў