Бібліятэка графа Адама Храптовіча, якая знаходзіцца амаль 100 год на тэрыторыі Украіны, вярнулася ў Беларусь. Праўда ў электронным выглядзе. Наш карэспандэнт пабываў на прэзентацыі ўнікальнага выдання “Кніжны збор роду Храптовічаў”, што адбылася ў нацыянальнай бібліятэцы.
– Гэта прэзентацыя сёння доўгачаканага, вельмі жаданага праекта – Адраджэнне кніжнай калекцыі роду Храптовічаў і віртуальнае вяртанне і ва Украіну, і на Беларусь у іншым выглядзе гэтай калекцыі, – адзначыла адна з арганізатараў прэзентацыі.
Кніжная калекцыя роду Храптовічаў налічвае ля двух тысячаў рэдкіх і вельмі каштоўных на сёння кніг. Яна збіралася цягам двух стагоддзяў – 18-га і 19-га і знаходзілася ў Шчорсах, аднак перад пачаткам першай сусветнай вайны была перавезена ва Украіну. Цяпер яна вярнулася ў Беларусь – у электронным выглядзе. Кажа Уладзімір Шчасны, старшыня беларускага прадстаўніцтва ЮНЕСКА, якая фундавала праект:
– Нягледзячы на ліхалецці, падчас якіх мы перадалі іншым народам, іншым краінам нашу культурную спадчыну, у тым ліку дакументальную спадчыну, і дзякуючы гэтаму мы яе захавалі. Уявіце сабе, што бібліятэка ў Шчорсах знаходзілася б у нас падчас Першай сусветнай вайны, Другой сусветнай, у час палітычных катаклізмаў, якія здараліся ў нас. Дзякуючы таму, што нашы калегі ў Кіеве захавалі гэтую бібліятэку, мы можам карыстацца ёй.
Над электроннай версіяй бібліятэкі Храптовічаў працавалі навукоўцы, як Беларусі, так і Украіны. Амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Ліхавы лічыць выхад такога дыску вялікай падзеяй для культур абодвух краінаў:
– Тое, што адбываецца сёння ў Нацыянальнай бібліятэцы, – гэта вялікая падзея і для маіх калег, для ўкраінцаў. Ва Украіне сапраўды вельмі шмат захавалася таго, што можна назваць нацыянальным здабыткам беларускага народа.
Украінскі амбасадар распавёў і пра лёс самой бібліятэкі Храптовічаў:
– Захоўваецца яна ў належных умовах, дзякуючы таму, што ў свой час трапіла ва універсітэт святога Уладзіміра і пасля у Нацыянальны універсітэт імя Тараса Шаўчэнкі, затым у Акадэмію навук, Нацыянальную бібліятэку Акадэміі навук. Можна толькі ганарыцца тым, што мае калегі, суайчыннікі захавалі гэтую бібліятэку.
Навукоўцы заяўляюць, што працягнуць сваю працу, як у пошуку кніг з бібліятэкі, так і ўпарадкаванню багатай спадчыны, што пакінулі Храптовічы.
Таксама па тэме: