Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры прааналізавала аўкцыёны па рэалізацыі нерухомай маёмасці за апошнія месяцы 2009 г. па г. Брэсту і прыйшло да высновы, што неаднаразова выканаўчыя і распарадчыя органы г. Брэста выстаўлялі на рэалізацыю аб’екты нерухомасці, надзеленыя статусам гісторыка-культурнай каштоўнасці для іх далейшага зносу і новага капітальнага будаўніцтва, што з’яўляецца грубейшым парушэннем Закона Рэспублікі Беларусь “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь” ад 09 студзеня 2006 г.
Канкрэтна пад знос выстаўляліся на продаж наступныя будынкі і збудаванні, якія згодна рашэння Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь ад 01.07.2009 г. атрымалі статус гісторыка-культурных каштоўнасей:
1. Будынкі 26; 28 па вул. Савецкіх пагранічнікаў
2. Будынак 23 па вул. Леніна
3. Будынак 12 па вул. Астроўскага
4. Будынкі 48; 50; 56 па праспекце Машэрава
5. Будынак 36 па вул. 17 Верасня
6. Будынак 39 па вул. Дзяржынскага
7. Будынкі 100; 102 па вул. Савецкай
У сувязі з тым, што дадзеныя гісторыка-культурныя каштоўнасці Рэспублікі Беларусь па ўмовах аукцыёна падлягаюць зносу з далейшым праектаваннем і новым будаўніцтвам, правядзенне аукцыёна парушае артыкулы 27; 28: 29; 36 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь”, Інструкцыю “Аб складзе, парадку распрацоўкі і ўзгаднення навукова-праектнай дакументацыі на выкананне рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ на нерухомых гісторыка-культурных каштоўнасцях”, Інструкцыю “Аб складзе парадку распрацоўкі і зацвярджэння праектаў зон аховы нерухомых гісторыка-культурных каштоўнасцей”, якія зацверджаны Пастановай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 21.05.2007 г. № 21. Акрамя таго гарвыканкамам не выконваюцца пп. 1.2, 1.5, 2.3, 2.4 артыкула 10 Закона “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь”.
У членаў грамадскага аб’яднання выклікала непакой асабістая пазіцыя старшыні Брэсцкага гарвыканкама А.Палышанкова, агучаная ў артыкуле “Спадчына з малатку?” газеты “Брэсцкі кур’ер” № 51 ад 17 снежня 2009 г., якая ў поўнай меры раскрывае ці то прававы нігілізм кіраўніка адміністрацыі горада ў дачыненні да выканання палажэнняў Закона “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь”, ці то прававую непісменнасць і, адпаведна, нежаданне накіроўваць працу гарвыканкама ў дачыненні да гісторыка-культурных каштоўнасцей у прававое рэчышча, што стварае перадумовы для здзяйснення злачынстваў па артыкуле 344 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.
У сувязі з вышэйазначаным Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры звярнулася у Пракуратуру Брэсцкай вобласці і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь с просьбай разабрацца ў склаўшайся сітуацыі і прывесці працу Брэсцкага гарвыканкама з гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі ў прававое рэчышча. Зварот з патрабаваннем прадставіць план мерапрыемстваў па рэалізацыі заканадаўства і дзяржаўнай палітыкі ў галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны і перспектыўныя прапановы гарвыканкама па правядзенню аукцыёнаў у Гістарычным цэнтры Брэста.
А газеце “Вячэрні Брэст” прапанавана апублікаваць рашэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях аховы гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь аб пераліку аб’ектаў Гістарычнага цэнтра Брэста і аб асноўных накірунках захавання, узнаўлення і перспектыўнага выкарыстання гістарычнай спадчыны на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці.
—
Усе навіны, нарматыўна-прававыя акты , метадычныя дакументы, звязаныя з аховай гісторыка-культурнай спадчыны ў Беларусі Вы можаце знайсці на сайце Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.
Будзьма разам са спдчынай, Будзьма разам з Таварыствам!