12 кастрычніка я з маім сябрам, Дзянісам Канецкім, выбраўся на дарогу Вялейка-Барысаў. Менавіта гэтай дарогай гналі ў 1941 годзе, на пачатку вайны, вязьняў вялейскай турмы на Ўсход. Гналі і слабых, і хворых, а тых, хто не мог ісьці, часта стралялі прама ля дарогі. Першае такое месца расстрэлу знаходзіцца ля в.Касута. Гэтае месца адзначана – стаяць спараныя праваслаўны і каталіцкі крыжы. Там можна памаліцца, ускласьці кветкі.
Але дарога ад Вялейкі да Барысава для пешай калоны стомленых, змарадаваных на допытах вязьняў была цяжкой. І зразумела, што месцаў падобных в.Касута павінна быць больш.
Вось і было мэтай нашай паездкі знайсьці іншыя месцы расстрэлу на гэтай дарозе, каб потым можна было там паставіць крыж, запаліць сьвечку.
Адразу мы накіраваліся ў в.Маразы Альковіцкага С/С. Мы ведалі, што там жыве дзядок, які распавядаў пра месца расстрэлу на мяжы Вялейскага і Лагойскага раёнаў. Знаходзім яго. Паехаць і паказаць нам месца ён адмовіўся, спаслаўся на здароў’е і занятасьць. Але куды ехаць распавёў. Ён назваў в.Дунай на мяжы Вялейскага і Лагойскага раёнаў. Там мы ў мясцовых жыхароў павінны былі запытацца пра лес, які называецца “Антонаўшчына”. Там у метрах 30 ад дарогі і павінны быць закапаныя рэшткі вязьняў турмы.