Прычына традыцыйная — “аварыйны стан”. Як мне падаецца, найперш аварыйны стан мазгоў нашых чыноўнікаў.
Упраўленьне па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі пры Міністэрстве культуры ў курсе. Я сам затэлефанаваў туды і паведаміў, што заўтра зраніцы плянуецца знос гэтага будынка – гэта пацьвердзіў інжынэр будтрэсту.
Спачатку чыноўніца охала-ахала і казала, што “ня можа быць”. Пасьля прызналася — і сказала, што яны дазволілі грохнуць гэты будынак. Пасьля апамяталася і ўжо пачала казаць, што не дазвалялі. І нават паабяцала “заўтра выпісаць прадпісаньне” каму трэба, каб пакуль не руйнавалі. Я пастараўся патлумачыць, што пакуль іхнае прадпісаньне дойдзе, будынка ўжо ня будзе. І склалася адчуваньне, што яе гэта ня моцна кранула.
Так бывае, калі ідзе спрэчка інвэстараў і гісторыі. У горадзе-героі Мінску перамагаюць інвэстары. Так бывае, калі ідзе спрэчка хабараў і сумленьня. У час крызісу грошы відавочна важнейшыя.
Так бывае, калі тваім горадам і тваёй спадчынай на ўсіх узроўнях распараджаюцца інтэлігенты ў першым пакаленьні, для якіх перабрацца з іхных цыцкавічаў у сталіцу — найвялікшае дасягненьне ўсяго жыцьця. І пляваць ім, па вялікім рахунку, на нейкія там старыя домікі. Галоўнае, што батарэі грэюць і заробак своечасова даюць. Я люблю ўсю нашую Беларусь, кожны яе куточак і жыхароў. Але каб любіць і адчуваць горад, трэба ў ім нарадзіцца.
Дом, які, магчыма, руйнуюць у гэтыя хвіліны, унесены ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. На старонцы 606 чорным па белым чытаем ягоны шыфр — 711Е000001 (фота Сьпісу — ніжэй).
Аднак пры занурэньні ў Сьпіс, бачым, што некаторых дамочкаў з яго ўжо няма — а некаторыя “адноўленыя” ў выглядзе нізкаякасных муляжоў.
Ці веру я, што дом удасца нейкім чынам уратаваць? Што ўдасца спыніць гэтых бандытаў?
Як паказвае практыка, злодзея спыніць толькі куля. Аднак хай не пераймаюцца — у самай стабільнай краіне сьвету гэта, дзякуй Богу, малаверагодна.
Але ці застаюцца такія рэчы беспакаранымі?
Няхай людзі, якія падпісваюць дакумэнты на зьнішчэньне нашай спадчыны, спытаюць у былога мэра Менску Міхаіла Паўлава, як ён сябе адчувае.
А вось так, дзеці, выглядаюць беларускія рэстаўратары
Старонка з Дзяржаўнага спісу, дзе ў комплексе “Гістарычны цэнтр г. Мінска” ёсьць і будынак па Рэвалюцыйнай 24а