Сёння ў рубрыцы “Карціна дня”, дзе мы абмяркоўваем карціны сучасных беларускіх мастакоў, — Леанід Хобатаў і яго праца без назвы. Абмяркоўваюць палатно не аматар і не знаўца мастацтва, вядомы ў вузкіх колах дэгенератыўны паэт Андрэй Адамовіч і выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, мастацтвазнаўца Алеся Раманюк. Мы заклікаем вас далучацца. Давайце разам высветлім, што нам прапануюць на сняданак, абед і вячэру сучасныя мастакі. Прыходзьце ў каменты, пішыце, прапануйце працы для абмеркавання.
Пра аўтара:
Леанід Хобатаў нарадзіўся ў 1950 годзе ў Рэчыцы Гомельскай вобласці. З 1975 па 1981 вучыўся ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў на аддзяленні манументальнага жывапісу ў прафесара Гаўрылы Вашчанкі. У 1985 годзе ўступіў у Саюз мастакоў СССР. У 1986 годзе стаў сябрам творчага аб’яднання “Няміга-17” і яго кіраўніком. Працы мастака знаходзяцца ў калекцыях Дзяржаўнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнай Трацякоўскай галерэі, Міністэрстве культуры РБ і Мінкульце РФ, музеях выяўленчага мастацтва (Сабадзель, Гішпанія), а таксама ў прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, Францыі, Гішпаніі, Канады, Ізраіля, Нямеччыны, ЗША.
Акадэмічнае веславанне
Сфінкс, на пытанне якога здолеў адказаць Эдып, быў бы задаволены гэтым палатном. Тут такая ж загадка. Можа падацца, што няма такой высокай стаўкі – самога жыцця, але мастацтва задае менавіта такія пытанні, адказы на якія вырашаюць, куды далей ты паплывеш па, скажам папярэдне, рацэ экзістэнцыі.
Насамрэч метафара “рака экзістэнцыі”, ці “рака жыцця”, метафара, якая ўзнікае з уяўлення пра тое, што час цячэ і нагадвае плынь, не зусім слушная. Бо жыццё не цячэ, а стаіць на месцы, пакуль не варушацца самі героі. Тое, што жыццё канечнае, нічога не змяняе. Пакуль Эдып не выйшаў на дарогу і не спаткаў Сфінкса, нічога не адбывалася, незалежна ад таго, напісаў бы пра гэта Сафокл ці не. Таму пакуль адказы на пытанні не сфармуляваныя, пакуль самі пытанні не расчытаныя героем, нічога і не адбываецца.
Сп. Хобатаў умела і дасціпна задае гэтыя пытанні. Будзеш ты спекуляваць на постмадэрнісцкіх алюзіях і, разважаючы, чаму на персік цяпер прэтэндуюць тры жанчыны, глыбей і глыбей правальвацца ў словаблудзе, ці засяродзішся на жаночых масках, спрабуючы зразумець іх сімволіку, інтэнцыі і прыхаваныя рысы асобаў.
Ці зможаш паглядзець на палатно цалкам? Асэнсаваць сюжэт і матывы, якія нітуюць ягоную драматургію, разгледзець той час, у які, нібыта ў палонку, апусціў аўтар жаночыя постаці. Разгледзець інертнае, студзяністае цела часу, якое мае імунітэт да пагойдванняў. Імунітэт да хваляў, якія распаўсюджваюцца ў ім запаволена, а сціхаюць хутка.
Разглядаць гэтае палатно, каб вочы адпачылі, немагчыма, можна толькі расчытваць у ім пытанні, сюжэт і разглядаць адвечную моц, закладзеную ў само цела часу, якая робіць усё, каб імпліцытны сюжэт палатна ніколі не разгарнуўся.
|