Наглядзеўшыся на найлепшыя вокладкі замежных выданняў (паводле The Book Design Review і amazon.com), пахадзіла я па нашых кніжных інтэрнэт-крамах і рэальных кнігарнях і засмуцілася. Няма на чым вока спыніць. Вылучаюцца хіба шырокафарматныя фотаальбомы, дый тое хутчэй праз сваю дыхтоўнасць, чым праз нейкае цікавае дызайнерскае рашэнне.
Аднак гэта з першага погляду. Прыгледзеўшыся пільней да мастацкіх выданняў мінулага года, я выбрала сёе-тое для вашай увагі. Але адразу хачу зазначыць, што адабрана гэта ўсё на густ аматара кнігі, чытача, пакупніка і частага заўсёдніка кнігарняў. Таму ласкава запрашаю вас падзяліцца сваім меркаваннем і нават паспрачацца на гэты конт.
Першае, што кідаецца ў вочы, гэта тэндэнцыя да серыйнасці, а таму і пачнем з серый.
Цешаць сваім дызайнам кніжкі-малюткі ад выдавецтва “Галіяфы”.