Маладыя літаратары з Харкава разгрузілі бочку вершаў, навялі культурныя масты і пацешылі беларускага слухача ўкраінскай паэзіяй “ужывую” ў мінскай галерэі “Ў” 28 лістапада.
Харкаўскія госці – удзельнікі і заснавальнікі мультымастацкага праекту “Бочка”, маладыя літаратары, якія вырашылі ажыццявіць творчую акцыю свайго літаратурнага аб’яднання ў Мінску.
“Бочка” – аб’яднанне маладых літаратараў, праект, зроблены моладдзю для моладзі. Сімвалічнасць назвы патлумачыў адзін са стваральнікаў праекту Ігар Зарудка:
Ігар Зарудка
– Ішлі мы па Кіеву, і тут прыйшла ідэя зрабіць мастацкае аб’яднанне. Падумалі і зрабілі. Яно называецца “Бочка” таму, што ў бочцы звычайна трымаюць віно, а віно вельмі падобнае да паэзіі, толькі яно ліецца ў вусны, а паэзія з вуснаў.
Шлях харкаўскага цягніка ляжаў праз беларускі Гомель, іа гомельская пісьменніца Югася Каляда ўзяла на сабе адказную місію – давесці да Мінска паэтаў і ўкаціць бочку ўкраінскіх вершаў у літаратурны абшар сталіцы.
Югася Каляда
Югася Каляда:
– Здаецца, Украіна знаходзіцца побач і мовы ў нас падобныя. Супольнай гісторыяй мы былі звязаныя больш за 70 гадоў, але за апошнія дваццаць гадоў адбыліся пэўныя змены. Што да літаратуры, то літаратурныя канцэпцыі ў нашых краінах пайшлі рознымі шляхамі, і сёння мы маем магчымасць параўнаць гэтыя шляхі.
Праз невялікую колькасць літаратурных фестываляў, дзе можна было б паслухаць прадстаўнікоў украінскай паэзіі, беларуская публіка застаецца малаабазнанай у сучасных літаратурных працэсах, што адбываюцца ва Украіне. Сёлетнія літаратары -“бачкароўцы” – прадстаўнікі маладой генерацыі ўкраінскай паэзіі харкаўскага разліву.
Алег Коцараў
Алег Коцараў:
– Мне пашэнціла другі раз выступаць у Беларусі. Першы раз гэта было ў 2006 годзе на фестывалі ў літоўскай амбасадзе. Было досыць добра, асабліва пасля.
Харкаўскую паэзію ў Мінску прадстаўлялі і цешылі публіку верлібрамі і рыфмамі Насця Велес, Ігар Зарудка, Кацярына Карунык, Алег Коцараў, Сашко Ушкалаў.
Кацярына Карунык
Сашко Ушкалаў:
– Гэты верш называецца “жыгулі”. Дарэчы, на вуліцах Мінска я не пабачыў ніводных “жыгулі”.
Сашко Ушкалаў
Міжнацыянальны акт узаемнага перакладу спраўдзілі на дваіх беларуская пісьменніца Югася Каляда і харкаўскі паэт пост-авангарду Алег Коцараў.
Югася Каляда:
– Любая мова раскрывае свет з іншага боку. Пераклад з беларускай на ўкраінскую нясе новы сэнс ў тых самых словах.
Творчая вандроўка літаратараў у Беларусь адбылася пры ўдзеле выдавецтва “Смолоскип” (“Паходня”).
“Смолоскип”
Акрамя паэзіі ў гуку госці з Харкава прэзентавалі літаратуру ў тэкставым выглядзе. Сярод іншых былі прадстаўленыя кнігі Арцёма Антанюка, Александра Стусенка, Богдана-Алега Гарабчука ды інш. Па сканчэнні вечарыны кнігу мог набыць кожны ахвотны.
Наведвальнікі