Раскажыце, калі ласка, з чаго пачыналася Вашая перакладчыцкая дзейнасць. Наколькі мы ведаем, вы заканчвалі Мінскі інстытут замежных моваў (цяперашні МДЛУ). Вы пачалі перакладаць у інстытуце ці, можа, яшчэ раней?
Перакладаць на беларускую мову я пачаў яшчэ вучнем сёмага класа. Мой старэйшы брат вучыў на памяць зададзеныя настаўніцай рускай літаратуры “Вершы пра савецкі пашпарт” Уладзіміра Маякоўскага, і мне чамусьці захацелася паспрабаваць, як гэта будзе гучаць па-беларуску. У школе маёй “афіцыйнай” замежнай мовай была нямецкая, і недзе ў 8-м класе я наважыўся зрабіць спробу перакладаць вершы з гэтай мовы. У маёй хатняй бібліятэцы былі толькі вершы так званых “савецка-нямецкіх” паэтаў – Фрыдрыха Больгера, Зэпа Эстэрайхера (ён жа Барыс Брайнін), Ёгана Варкентына і інш. Вось, здаецца, Фрыдрых Больгер і быў першым, каго я пераклаў з нямецкай мовы. Пазней у мяне з’явіліся хрэстаматыі і анталогіі, у якіх былі змешчаныя арыгіналы шырока вядомых вершаў Гётэ і Гайнэ. І вось я зрабіў свае першыя пераклады “Рыбака” Ёгана Вольфганга Гётэ, “Я ўліў бы свой боль у гучанне…” і “Enfant perdu” Генрыха Гайнэ. Яшчэ да заканчэння сярэдняй школы пераклаў некалькі вершаў з англійскай і з польскай моваў – праўда, ужо забыў, што гэта былі за вершы. Часы навучання ў Інстытуце замежных моваў, інтэрнацкае жыццё не надта спрыялі перакладчыцкаму захапленню: памятаю, што крыху перакладаў тых самых Гётэ і Гайнэ, а таксама Бертальта Брэхта. Тэкст цалкам.