Часопіс перакладной літаратуры “ПрайдзіСвет” запрашае ўсіх ахвотных да ўдзелу ў чарговым конкурсе мастацкага перакладу.
Гэтым разам конкурс прымеркаваны да выхаду чацвертага нумару часопіса, прысвечанага маладой літаратуры і літаратуры маладосці. Для перакладу прапануецца 14 вершаў з васьмі моваў: ангельскай, нямецкай, гішпанскай, польскай, расійскай, украінскай, французскай, лацінскай. Найлепшыя творы будуць надрукаваныя ў чацвертым нумары часопіса.
Таксама мы працягваем традыцыю, распачатую ў трэцім нумары, – пераклад на Кубак Майстра. У чацвертым нумары перакладчыкі змогуць пазмагацца за прыз Андрэя Хадановіча. Прапанаваны на конкурс верш – “Sensation” Арцюра Рэмбо.
Пераклады можна альбо даслаць на адрас рэдакцыі: [email protected], альбо размясціць на нашым форуме, дзе для конкурсаў створаны адпаведны раздзел, а для кожнага верша – адпаведная тэма. Праўда, для гэтага неабходная рэгістрацыя.
Спампаваць вершы для перакладу можна тут: http://prajdzisvet.org/contests
Пераклады прымаюцца да 15 сакавіка.
Пра часопіс
Часопіс перакладной літаратуры “ПрайдзіСвет” узнік у 2008 г. як ідэя віртуальнага перыядычнага выдання, цалкам прысвечанага замежнай літаратуры ў перакладах на беларускую мову. Першы нумар часопіса выйшаў у свет 27 траўня 2009 году.
Маладыя перакладчыкі, навучэнцы Беларускага Калегіюму і Перакладчыцкай майстэрні пры ім, аб’ядналі свае сілы, каб пашырыць прастору беларускай культуры за кошт увядзення ў яе кантэкcт новых перакладаў замежных аўтараў, а таксама знаёмства з новымі імёнамі сусветнай літаратуры. Рэдакцыя часопіса таксама ставіць мэтай падвышэнне прафесійнага ўзроўню перакладу на беларускую мову і спробу стварэння школы беларускага перакладу.
Дзеля гэтага ў часопісе плануецца змяшчаць раней зробленыя, але маладаступныя пераклады, а таксама карысныя парады знаных майстроў і карысныя спасылкі на шматлікія рэсурсы ў інтэрнэце.
Перыядычнасць выхаду часопіса – раз на 3 месяцы. Сайт абнаўляецца пастаянна.