10 лютага ў сталічнай “Кнігарні-Ў-галерэі” адбылася прэзэнтацыя кнігі беларускіх перакладаў твораў рускага пісьменьніка Івана Буніна. Па-беларуску клясыку ўсясьветнай літаратуры перастварыў Андрэй Каляда – вядомы тэатральны пэдагог, аўтар шматлікіх артыкулаў па праблемах майстэрства вуснай мовы, сцэнічнага слова, вучэбна-мэтадычных дапаможнікаў для студэнтаў філялягічных і тэатральных факультэтаў, а таксама для настаўнікаў беларускай і рускай літаратуры (найвядомы зь якіх – “Выразнае чытаньне”, – атрымаў шэраг перавыданьняў).
Цягам апошніх гадоў Андрэй Каляда заявіў пра сябе і як перакладнік: у творчай скарбонцы спадара Каляды пераклад на беларускую ўсіх апавяданьняў, чатырох аповесьцяў і трох раманаў Ф. Дастаеўскага – “Аповесці. Апавяданні” (2002), “Выбраныя творы” (2004), а таксама паасобных п’ес Астроўскага, Гогаля, Тургенева, Горкага, Чэхава, Булгакава ды інш.
“Чаму Бунін? Таму што гэты пісьменьнік, будучы выбітным стылістам, даў рады стварыць цудоўныя літаратурныя творы і быў высока за іх ацэнены міжнароднай літаратурнай супольнасьцю. Яго па праву лічаць найбольш “рускім” пісьменьнікам – як па стылі, так і па сутнасьці, – адзначыў Андрэй Каляда. – Музыка яго мовы, тон, нешта няўлоўнае, што схаванае за сэнсам – высокія вартасьці і сапраўдныя набыткі літаратуры, якія вымагаюць вялікага майстэрства і ад перакладчыка. Бывае так, што адно слова ці фразу я перакладаю ледзь ня тыдзень – да таго часу, пакуль не адчую глыбіннай сугучнасьці першакрыніцы й перакладу. Тут мне дапамагае тое, што паводле прафэсіі я актор. Я чытаю ўголас тэкст і “шліфую” напісаныя раней словы яшчэ і на слых”.
Доктар філялягічных навук, загадчык катэдры тэорыі літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта, прафэсар Вячаслаў Рагойша высока ацаніў беларускія пераклады ў кнізе “Выбранае” Івана Буніна. “Выданьне кнігі перакладаў Буніна – гэта яшчэ і значная падзея ў беларуска-рускім культурным дыялёгу”, – падкрэсьліў прафэсар Рагойша.
Узяў слова і аўтар кнігі “Беларускі Пецярбург” Мікола Нікалаеў, доктар філялёгіі, загадчык аддзела рэдкіх кнігаў Расійскай нацыянальнай бібліятэкі і старшыня Санкт-Пецярбурскай асацыяцыі беларусістаў. Спэцыяльна для бібліятэкі яму перадалі асобнік кнігі. “З выхадам гэтае кнігі расійская і беларуская культура атрымалі важкую цагліну для ўзаемнага збліжэньня. Часта гавораць, што між намі існуе пэўная культурная прастора, але прастора пачынаецца толькі пасьля таго, як узьнікаюць пэўныя матэрыяльныя падставы для яе існаваньня”, – адзначыў спадар Нікалаеў.
Андрэй Каляда, сталы руплівец на беларускай нівеПрадстаўленыя на імпрэзе былі і аўдыёкнігі, непасрэдны ўдзел у стварэньні якіх прыняў Андрэй Каляда – “Людзі на балоце” і “Подых навальніцы” Івана Мележа, “Каласы пад сярпом тваім” і “Быў. Ёсьць. Буду” Уладзімера Караткевіча, “Прадслава” Вольгі Іпатавай, “Сны імператара” Уладзімера Арлова, “Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае” Міколы Ермаловіча – у іх спадар Каляда выступіў як актор, галоўны чытальнік і “голас” кнігі. Заснавальнік і галоўны рэдактар кампаніі БелТонМэдыя Алесь Калоша сказаў наступнае: “Андрэй Каляда вельмі працавіты і ня менш таленавіты чалавек. Да таго ж, неверагодна “цягавіты”. Разам зь ім мы зрабілі ўжо досыць шмат аўдыёкнігаў, і, спадзяюся, яшчэ болей зробім. Нашае прадпрыемства не выдае “кнігі-гаварылкі”. Агучыць кнігу такім чынам можа і кампутар. Нашыя аўдыёкнігі – гэта мастацкае чытаньне літаратуры. Мы хочам, каб паставіўшы на прайгравальнік наш дыск, чалавек атрымліваў асалоду ў тым ліку і ад гучаньня роднай мовы. У гэтым сэнсе запісы Андрэя Каляды – сапраўды праца найвышэйшага кшталту. Упэўнены, яе ацанілі шматлікія аматары выразнага мастацкага слова”.
Нягледзячы на тое, што ў гэтым годзе прафэсар Андрэй Каляда адсьвяткуе ўжо свой 70-й дзень нараджэньня, творчых плянаў ён мае яшчэ даволі: працуе над перакладамі іншых клясыкаў – Барыса Пастэрнака і Віктара Астаф’ева, рыхтуе да выданьня “Лаліту” Ўладзімера Набокава па-беларуску. Cёе-тое з гэтага, а таксама з ранейшых перакладаў хацеў бы яшчэ і агучыць. Марыць запісаць у гэтым годзе хаця б некалькі аўдыё-раманаў паводле твораў пісьменьніка Леаніда Дайнэкі, таксама сёлетняга 70-гадовага юбіляра. Дай Бог плёну й творчых сілаў!
Кніга Бунін Іван. “Выбранае”. 486 с. у цьвёрдай вокладцы. Кошт – 34 900 рублёў.