Віталь Рыжкоў — адзін з самых яркіх маладых беларускіх паэтаў. Ён перамагаў у розных літаратурных конкурсах яшчэ школьнікам. Атрымаў вышэйшую тэхнічную адукацыю, але працуе мэнэджэрам нацыянальных кніжных праектаў. Пры гэтым сваёй кнігі дасюль ня мае, хоць яго творчасьць ужо вядомая ня толькі ў Беларусі. Сёньня Віталь Рыжкоў — госьць нашай менскай студыі, дзе зь ім сустрэлася Валянціна Аксак.
Валянціна Аксак: «Спадар Віталь, вы — паэт, які ўжо мае імя. А ці належыце вы да якога-небудзь творчага саюзу ці арганізацыі?»
Віталь Рыжкоў: «Выходзячы сёньня з дому, я абдумваў гэтае пытаньне, бо яно напярэдадні ў беларускай інтэрнэт-прасторы ўзьнялося зноў і даволі востра. Для мяне не паўстае пытаньня — уступаць ці не ўступаць у ПЭН, у саюз Чаргінца, у саюз Пашкевіча. Мне гэта проста не патрэбна, і баюся, што літаратуры — таксама».
Аксак: «Можа быць, такое рашэньне ў вас узьнікла ў зьвязку з тым, што ўлады разаслалі па ўстановах, дзе працуюць сябры перасьледаванага імі ж Саюзу беларускіх пісьменьнікаў пад кіраўніцтвам Пашкевіча ліст, каб іх адміністрацыя ўстановаў паставіла перад выбарам: альбо выхад з гэтага саюзу, альбо звальненьне з працы?»
Рыжкоў: «Па-першае, праца ў мяне такая, дзе, думаю, будзе толькі вітацца, што я зьяўляюся сябрам нейкага саюзу ці аб’яднаньня. Па-другое, мая думка наконт гэтага вельмі даўняя. Па-трэцяе, саюз Пашкевіча, ня ў крыўду яму будзе сказана, атрымаў ад гэтай сытуацыі зь перасьледам ягоных сяброў лёгкі піяр. Шмат людзей, даведаўшыся, што гэты саюз у вачах улады — дэструктыўны, захацелі ў яго ўступіць, і адначасова даведаліся, што я не магу даць ім рэкамэндацыі, бо не зьяўляюся яго сябрам».
Аксак: «Што вы наогул думаеце наконт гэтых жарсьцяў і супрацьстаяньня прыўладнага і незалежнага саюзаў пісьменьнікаў?»
Рыжкоў: «Я тут пагаджуся зь цьверджаньнем спадара Анатоля Сідарэвіча: адзінае, што пасьля нас усіх можа застацца, калі застанецца, — гэта тэксты. І гэта адзіны фактар, па якім можна меркаваць пра некага альбо судзіць каго-небудзь. Напрыканцы ў кожнага атрымаецца аднолькава: будзе ў яго тэкст ці ня будзе. І галоўнае — менавіта гэта».
Аксак: «Цяпер літаратура — гэта ня толькі тэкст, гэта яшчэ і шоў, асабліва паэзія. Вы ўдзельнічае ў шматлікіх публічных чытаньнях, названых слэмамі, якія вымагаюць ад аўтара яшчэ і відовішчнасьці. Ці не хаваецца, на вашу думку, спроба надаць нейкай тэатральнасьці свайму выступу сыходам ад таго, што вы і называеце тэкстам, ад самой літаратуры?»
Рыжкоў: «Я карыстаюся ўсімі сродкамі, каб данесьці да чытачоў тое, што я напісаў. У маіх пэрсанажаў бываюць гіпэрбалізаваныя словы, якія лягчэй успрымаюцца, калі іх падаць з большай эмоцыяй».
Аксак: «А кіданьне морквы ў слухачоў альбо здыманьне перад імі портак як дадае вартасьці тэкстам?»
Рыжкоў: «Асабіста я порткі на слэмах не здымаю. І ведаю, што ніхто ў нас, за рэдкім выключэньнем, якое пацьвярджае правіла, гэтым таксама не займаецца. Пабачыўшы слэмы ў розных краінах, я магу з усёй адказнасьцю сказаць, што на беларускія слэмы можна хадзіць, варта хадзіць, варта запрашаць знаёмых. Вы будзеце задаволеныя тым, як не лінейна там аўтары прадстаўляюць свае творы. Гэта не абражальнае відовішча, і не абражальнае найперш з боку публікі ў бок выступоўцаў, як, да прыкладу, бывае ва Ўкраіне».
Аксак: «Старэйшыя вашы калегі часам кажуць, што маладыя творцы ведаюць беларускую літаратуру, пачынаючы зь сябе ці са сваіх сяброў. Што вы скажаце на такія закіды?»
Рыжкоў: «Я скажу вельмі проста: варта памятаць, што маладыя літаратары разумеюць: старэйшымі пэўныя нішы ўжо занятыя. І мы ў пэўным сэнсе шукаем іншыя нішы, іншыя сродкі, іншыя мэтады, якія проста пашыраюць літаратуру. І старэйшыя, і маладыя рознымі сродкамі ўзьдзейнічаюць на розныя чытацкія аўдыторыі. Слэмы, звычайныя бібліятэчныя чытаньні, паэтычныя пэрформансы, паэтычныя публікацыі і паэтычныя выступы — усё гэта разам ахоплівае большую аўдыторыю. І я ня ведаю, адкуль узялося перакананьне, што маладыя літаратары ня ведаюць творчасьці папярэднікаў. Калі б мы гэтага ня ведалі, не чыталі, мы б не пісалі па-беларуску, не стваралі прадукт беларускай літаратуры. Нас нешта захапіла. Проста ў кожнага свой склад папярэднікаў».
Аксак: «А хто ці што захапіла вас?»
Рыжкоў: «Я зразумеў, што буду працаваць толькі на беларускую літаратуру, прачытаўшы ў свой час Алеся Разанава. Мяне захапілі як яго маладыя творы, так і тыя, што пісаліся пад канцэпцыі вэрсэтаў, вершаказаў, зномаў».