У выдавецтве ”ЛіМ” выйшаў з друку зборнік нарысаў Людмілы Рублеўскай і Віталя Скалабана. У яго ўвайшлі артыкулы – гістарычныя расследванні аўтараў, якія друкаваліся ў “СБ”, і дакументальная п’еса пра каханне Зоські Верас і Фабіяна Шантыра.
У кнізе змешчаныя ўнікальныя здымкі. Асноўная тэма – рэпрэсаваныя пісьменнікі, адносіны творцаў і ўлады. Гісторыя беларускай цэнзуры ў дакументах. Што выкрэслівалі ў класікаў, як кіраўнікі дзяржавы вучылі літаратараў пісаць. Пратаколы допытаў Цішкі Гартнага і Якуба Коласа. Як цкавалі Мітрафана Доўнар-Запольскага, Івана Замоціна і Яўфімія Карскага. Як Іван Мележ пісаў у ворганы справаздачу з круізу на цеплаходзе “Пабеда” і што там выраблялі беларускія турысты. Чаму старшыня СП БССР Міхась Клімковіч рабіў спробу самагубства. Спіс асабістых рэчаў Янкі Купалы, што засталіся пасля яго гібелі. Ліст менскай інтэлігенцыі ў абарону Нямігі: пазнавайце подпісы… І шмат чаго яшчэ. Гэта наша гісторыя, якую замоўчвалі.