У музеі М.Багдановіча адбылася прэзентацыя дзвюх кніг вядомага паэта Міхася Скоблы, якая супала з юбілеем аўтара – 50-годдзем. “Камізэлька для месяца” – зборнік вершаў і перакладаў і “Саркафагі страху” – кніга эсэ, якая прысвечана Ларысе Геніюш, Зосьцы Верас і Мікалаю Улашчыку.
Вельмі шмат прыйшло сяброў і знаёмых паэта, якія шчыра віншавалі, адорвалі юбіляра, чыталі вершы, спявалі.
Так, адзін са старэйшых паэтаў – Анатоль Вярцінскі, які ўжо з цяжкасцю гаворыць і 18 лістапада сам адсвяткаваў 85-годдзе, тым не менш зачытаў верш. А таксама пра рысы характару Міхася па яго знаку задыяка Стральцу, які ён: падарожнік, любіць лятаць. І падараваў гальштук.
Старшыня ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” Барыс Пятровіч згадаў пра ўзнагароды, якія атрымлівалі раней у такія гады беларускія пісьменнікі – званні народнага, ганаровыя граматы. А зараз, на жаль, можна назваць наша пакаленне страчаным, незаўважаным. І ўручыў юбіляру грамату і апошняе выданне часопіса “Дзеяслоў”.
Гэткай разынкай вечару стала мой любімы бард з 90-х Вальжына Цярэшчанка з Гомеля, якая заспявала свой хіт “Запяі мне песню” (на словы Ларысы Геніюш – зямлячкі Міхася Скоблы, які выдаў яе “Лісты з Зэльвы”) і песню на верш Анатоля Сыса са словамі “выйдзем з канвою”.
І асабліва моцна і годна прагучалі прыкладна так словы Міхася Скоблы: “У Кітаі ёсць Вялікая кітайская сцяна, а ў Беларусі ёсць кнігі, з якіх можна пабудаваць такую ж сцяну, якая нас будзе бараніць. А заклаў яе падмуркі Францыск Скарына, які надрукаваў першую кнігу 500 гадоў таму”.
І кампанія “Будзьма беларусамі” ўдала назвала кампанію “Пяцісотгоднасць” да юбілею беларускага друку.
Напрыканцы выступіў і сын Міхася Вячка, вучань гімназіі, які выдатна і лёгка прачытаў верш “Дзед” Л.Геніюш.
І з задавальненнем паслухалі ўсе, як Яраш Малішэўскі іграе на дудзе, на саломінцы-пішчале і гітары. А яго жонка Аксана Спрынчан распавяла пра сваё першае (у 5 год) і апошняе каханне (у 2005 г.). Пасля Яраш зачытаў арыгінальнае віншаванне юбіляра ў старажытным стылі прадмоў і летапісаў: “Панежэ ад нараджэння… Шляхта і просты люд…” і г.д. Чым павесяліў публіку.
Вось так трэба жыць і працаваць, каб было што людзям паказаць і перадаць. Бо ўсе мы, кнігалюбы, – нашчадкі Скарыны.
Ну і як жа без нашага добра знаёмага сябра – музыкі Юрыя Несцярэнкі з Бялынічаў, які заспяваў свой вядомы і раскручаны па радыё хіт “Я так даўно марыў убачыць гэты дождж” (кавер на англійскую песню Рода Сцюарта “Have you ever seen the rain”).
Таксама выступілі і іншыя госці, музыкі, пісьменнікі – прыхільнікі роднага слова.
Святлана Тоўсцік