Як ставяцца да вырашэння моўнага пытання ў дзяржаўных установах краіны
Пасля заявы міністра культуры Беларусі Паўла Латушкі на Пятым з’ездзе беларусаў свету аб тым, што ён зробіць усё магчымае, каб перавесці сваё міністэрства на беларускую мову, адзін з дэлегатаў — гомельскі актывіст Ігар Случак вырашыў яму дапамагчы ў справе беларусізацыі. У звароце, разасланым у некалькі дзесяткаў міністэрстваў і ведамстваў краіны, было прапанавана перавесці справаводства на беларускую мову, а таксама ўжываць яе ў паўсядзённым працоўным жыцці.
За гэты час было атрымана 25 адказаў, пераважная большасць з якіх, дарэчы, на беларускай мове. Рускамоўнымі аказаліся толькі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Міністэрства гандлю, Міністэрства прамысловасці, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання.
Трэба сказаць, што ў асноўным адказы даволі станоўчыя і вытрыманыя. Ёсць нават пазітыўна-эмацыйныя, як, напрыклад, з Міністэрства адукацыі: “Выказваем Вам словы падзякі за клопат наконт карыстання роднай мовай у дзяржаўных установах рэспублікі”. Добра пачынаецца адказ і з Вышэйшай атэстацыйнай камісіі: “Нам імпануе Ваша забеспакоенасць развіццём і ўмацаваннем беларускай культуры і беларускай мовы, у прыватнасці, у нашай паўсядзённай рэчаіснасці”.