У 2004 годзе выпускнік Беларускай акадэміі мастацтваў і стыпэндыят прэзыдэнцкага фонду Андрэй Кудзіненка зьняў стужку, якую кінакрытыкі адразу ж назвалі «першым нацыянальным беларускім фільмам, які адрадзіў беларускае кіно» — «Акупацыя. Містэрыі». У стужцы зьняліся лепшыя беларускія акторы — Сьвятлана Зелянкоўская, Любоў Румянцава, Анатоль Кот, Аляксандар Колбышаў. Сцэнар напісаў Аляксандар Качан (дарэчы, аўтар сцэнараў «Масакры» і «Павадыра»). Кіно паказалі на Ратэрдамскім і Маскоўскім міжнародных кінафэстывалях, фільм выйшаў у расейскі пракат. А ў Беларусі фільм быў забаронены Ўпраўленьнем рэгістрацыі і клясыфікацыі кіна- і відэапрадукцыі пры Міністэрстве культуры. А ў 2010 годзе «Акупацыю. Містэрыі» вярнулі ў адзіны дзяржаўны рэгістар: фільму было выдадзена пракатнае пасьведчаньне. Чаму «Акупацыю» дазволілі, і за што забаранілі?